каморка папыВлада
журнал Работнiца i сялянка 1989-09 текст-2
Меню сайта

Поиск

Статистика

Друзья

· RSS 20.04.2024, 15:24

скачать журнал

<- предыдущая страница следующая ->

Слова пра родную мову

Кожны культурны, сумленны чалавек лічыць свяшчэнным абавязкам гаварыць на мове сваіх продкаў. Захаваць яе, узбагаціць для будучых пакаленняў — гэтую праблему трэба вырашаць сёння, бо заўтра будзе позна. Калі ў нас не хопіць рашучасці старанна адрадзіць сваю мову, яна можа знікнуць бясследна, як гэта ўжо здаралася з шмат якімі мовамі свету. Перыяд перабудовы змушае кожнага з нас задумацца, адказаць самому сабе: хто ты? Якую карысць прынясеш Радзіме?
Пэўна, памятаюць нашы дзяды, што ў 20-я гады на Беларусі мелі дзяржаўны статус чатыры мовы — руская, беларуская, польская, яўрэйская. На гэтых мовах друкаваліся кнігі, часопісы, газеты, працавалі сродкі масавай інфармацыі...
Чалавек павінен ганарыцца сваёй мовай, як і прыналежнасцю да той ці іншай нацыі, толькі тады ён будзе адчуваць сябе грамадзянінам, сапраўдным сынам сваёй Айчыны. Той, дзе жылі ягоныя бацькі, дзе ён нарадзіўся і сам, дзе магілы ягоных продкаў. Тут ён даў жыццё сваім дзецям — пусціў, як кажуць, свае карані. Але здарылася так, што іх амаль выкарчавалі. Многае пайшло на злом. Здавалася, так і трэба: выкінем, забудзем старое і пабудуем нешта новае. Толькі забыліся: каб пабудаваць новы зруб, патрэбен моцны падмурак. Гэта зразумела цяпер, калі перабудова дала магчымасць глядзець, слухаць, думаць...
А тады мы спяшаліся без аглядкі, не задумваючыся, які след застанецца пасля нас. Прачнуліся, абуджаныя перабудовай, адкрылі вочы — і неяк няўтульна, няёмка стала. Брыдка за сябе перад цэлым светам. Трэба было збіраць той залаты скарб і шанаваць яго. А мы гублялі — мову, фальклор, культуру, традыцыі...
Статус дзяржаўнасці мовы. Пра гэта загаварылі цяпер школьныя настаўнікі і выкладчыкі ВНУ, артысты і пісьменнікі. Але ж не сакрэт, што гэтая ідэя прыйшлася не ўсім даспадобы. Не вельмі хочацца некаторым з нас прачнуцца. Шкада развітвацца са звыклым укладам жыцця...
Свежыя вятры перабудовы ўскалыхнулі свядомасць людзей. Ствараюцца культурныя таварыствы. Хочацца сказаць добрае слова пра тыя з іх, якія аб'ядноўваюць беларускае насельніцтва ў Польшчы, а польскае — у Беларусі. Міністэрства народнай адукацыі БССР праз Гродзенскі абласны аддзел народнай адукацыі дастаўляе падручнікі для школ з беларускай мовай навучання на Беласточчыне. Пачалі працаваць гісторыка-культурны клуб «Паходня», які ўзначаліў доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы М. А. Ткачоў, і польскае культурнае таварыства імя А. Міцкевіча пад кіраўніцтвам Тадэвуша Гавіна. Іх філіялы створаны ў Лідзе і Навагрудку. Клубы аб'ядналі самых палымяных барацьбітоў за адраджэнне роднай мовы і культуры. Добрыя надзеі ўскладаюцца на створанае нядаўна ў рэспубліцы Таварыства беларускай мовы.
Старшыня таварыства імя Адама Міцкевіча Тадэвуш Гавін і яго паплечнікі лічаць сваёй мэтай папулярызацыю сярод палякаў роднай мовы і культуры шляхам вывучэння яе ў школах, развіцця народных талентаў, больш глыбокага і аб'ектыўнага азнаямлення з гісторыяй беларускага і польскага народаў, узаемнага разумення дзвюх брацкіх славянскіх нацый.
Вывучэнне польскай мовы ў гэтым годзе будзе наладжана ў школах Путрышак і Сапоцкіна. У школах Гродна ідзе арганізацыйная падрыхтоўчая работа ў гэтым напрамку. Па дамоўленасці з генеральным консульствам ПНР у Мінску для вучобы ў польскіх ВНУ накіравана група выпускнікоў сярэдніх школ вобласці. Вярнуўшыся на Радзіму, спецыялісты будуць весці прапагандысцкую, асветніцкую і педагагічную работу на польскай мове.
У час летніх канікулаў гродзенскія школьнікі атрымалі магчымасць адпачываць у Польшчы і адначасова вывучаць польскую мову. Прайшоў сумесны крос беларускіх і польскіх лёгкаатлетаў, танцавальныя і харавыя калектывы рыхтуюцца да сустрэч у Гродне і Варшаве...
Празваніў ва ўсе званы час адрадзіць спадчыну, аддаць гэты бясцэнны капітал яго творцу — народу. I дапамагчы нам у гэтым найперш здолее родная мова.
Р. ГАРАЧАВА, педагог.
г. Гродна.


СТАРОЕ - НОВАЕ - ВЕЧНАЕ

НАД КРЫЛОМ БУСЛIНЫМ

Цячэ вада ў ярок,
Цячэ вада ў ярок —
Кладачку заліло.
Кладачка тоненька,
Вада халодненька,
А я малодзенька...
Мелодыя прыляцела з таго берага, з вёскі Строчыцы, якая рассыпала свае хаты на пакатым узгорку над ціхаплыннай рэчкай Пціч. Усё тут як у песні. I кладачка, і вада халодненька, і маладзенькая дзяўчына-экскурсавод Таня Белановіч.
— Калісьці Пціч была глыбакаводнай, і вось тут, дзе ў яе ўпадае рэчачка Менка, да дзесятага стагоддзя, як лічаць вучоныя, знаходзіўся старажытны Мінск — Менск. Бачыце гарадзішча! Там рабілі раскопкі...
— Гэта і паслужыла выбарам месца для музея!
— Не толькі гэта. Зірніце наўкола. Тутэйшыя мясціны ўвабралі ў сябе ўсё, што так характэрна для пейзажу нашай Беларусі.
Ад тутэйшых мясцін вачэй не адарваць. Узгоркі і пералескі. Квяцістыя лугі, прапахлыя чабаром і медуніцай. Блакітныя стужачкі рэчак. Жытнёвыя і бульбяныя палеткі. Сілуэты ветракоў, цэркваў, калодзежных журавоў. I над усім — высокае неба, у якім кружыць і кружыць белы бусел.
Ветракі, цэрквы, даўнейшыя сялянскія хаты з'явіліся тут нядаўна. Ці, больш дакладна, пераехалі сюды, калі непадалёк ад Мінска пачаў стварацца пад адкрытым небам Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. У кожнага з гэтых абсівераных ветрам і часам навасельцаў ёсць стары адрас, ёсць памяць пра той куточак, дзе з радасцю, вянок за вянком, ставілі іх сялянскія рукі, ладкавалі жыццё на роднай зямлі. Помняць старыя сцены і першы крык немаўляці, і вясельныя песні, і адпяванне нябожчыкаў, і доўгія сялянскія размовы пад шоргат жорнаў млына-ветрака.
Міналі гады і дзесяцігоддзі. Урасталі ў зямлю даўнейшыя сялянскія хаціны, складалі млыны свае нямоглыя і ўжо нікому не патрэбныя крылы, развальваліся цэрквы на ўтравянелых узгорках і старых могілках. Ды схамянуліся беларусы: хто ж мы, што ж мы, калі сваю гісторыю губляем! Ледзь не згубілі мову, народныя традыцыі. Цяпер і матэрыяльную культуру аддадзім забыццю!..
I пайшлі-паехалі па зямлі беларускай гісторыкі, этнографы, краязнаўцы. Яны і сёння кружаць па вёсках, мястэчках, пасёлках, увайшоўшы ў штат новага музея. Пільна вывучаюць народную архітэктуру, збіраюць рэчы народнага побыту, запісваюць народныя песні і паданні. 64 чалавекі павінны быць у штаце. Ёсць яшчэ не ўсе — па розных прычынах. Думаецца, і таму, што мізэрная зарплата ў работнікаў музеяў, 115 рублёў «адвальваюць» малодшаму навуковаму супрацоўніку. I трэба быць апантаным, каб з такім матэрыяльным мізэрам добраахвотна несці крыж адраджэння роднай культуры.
А яна пакрысе адраджаецца. Пакрысе расце і музей пад адкрытым небам, тэрмін яго канчатковага ўводу — двухтысячны год. На невялікай адлегласці адна ад адной вырастуць тут своеасаблівыя вёскі, якія будуць сімвалізаваць шэсць гісторыка-этнаграфічных раёнаў Беларусі: цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер'е, Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Панямонне. Будзе тут і характэрнае для Беларусі мястэчка — з базарным пляцам, школай, царквой, касцёлам, ганчарным промыслам. Увойдзе ў састаў музея і вёска Строчыцы, дзе спрадвек віравала і сёння віруе жыццё.
Але музей ужо ёсць. Погляду наведвальнікаў адкрываецца панарама вёскі з цэнтральнай Беларусі. Можна прайсціся вуліцай гэтай вёскі, завітаць у хату, дзе ўсё проста, мудра і мэтазгодна, палюбавацца строгімі абрысамі царквы, паназіраць, як цесляры бярвенца да бярвенца збіраюць карчму. Пакроўская царква XVIII стагоддзя прыехала сюды з вёскі Логнавічы Клецкага раёна. Хаты, у якіх ужо абсталяваны інтэр'еры,— з вёсак Ісерна Слуцкага і Садавічы Капыльскага раёнаў. Хлеў «перабраўся» з вёскі Салон, што на Старадарожчыне, гумно — з вёскі Лучнікі на Случчыне, грамадскі свіран «магазін» — гаспадарчая пабудова сярэдзіны XIX стагоддзя для захоўвання запаснога фонду сялянскай грамады на выпадак пажару, паводкі ці іншага стыхійнага бедства — з вёскі Касарычы Глускага раёна...
Заходзім у хату з вёскі Ісерна, пабудаваную гаспадарамі ў пачатку нашага стагоддзя. Да болю знаёмае жытло, бо, як сказаў паэт, «усе мы з хат». Стол у куце з бажніцай над ім, шырокія лавы, печ, ложак з сенніком, засцелены посцілкай-саматканкай. Падвешаная да столі калыска і цуд народнай мудрасці — дзіцячы хадунок. Усё як мае быць: і сенцы, і клець, і ўсялякі гаспадарчы рыштунак — палічка, вугальны прас, ступа з таўкачом, рэшата, куфэрак, маслабойка, дзяжа, ціскі для сыру. Тут і кубельцы для сала, і кумпякі ды каўбасы, нібы сапраўдныя, вісяць...
Здаецца, рыпнуць дзверы, увойдзе гаспадыня і плясне рукамі: «А мае ж вы людзечкі! Сядайце за стол, госцейкамі будзеце!..».
Мае дзіцячыя гады прайшлі ў падобнай хаце, і я ўсё азіралася, шукаючы сярод знаёмых рэчаў характэрныя для хат цэнтральнай Беларусі прасніцу і кросны. Памятаю, як увосень і ўзімку мая бабуля ў першыя пасляваенныя гады прала кудзелю, ткала для ўсіх нас палотны, абрусы, ручнікі, посцілкі. Кроснаў пакуль няма, але веру — будуць.
У хаце з Садавіч — свой інтэр'ер. Гліняная падлога. «Павук» з саломкі, якога на свята падвешвалі над сталом, і ён круціўся пры адчыненым акне. Сені, клець, «цікавая каморка» — дзявочы пакойчык з маленькім акенцам (каб не вылезла!) і ладнымі дзвярамі, якія бацькі замыкалі звонку, аберагаючы такім чынам дзявочы гонар дачкі. Доўгі, пад адным дахам, пагонны двор: адрына і хлявы. Тут сабрана цікавая калекцыя драўляных ступ — каля дваццаці, у тым ліку і нажная.
Дзесьці праз паўкіламетра прасёлкам — Паазер'е. Раён пакуль будуецца. Але ўжо вітае вас сваімі радаснымі крыламі-лопасцямі млын-вятрак. Ужо асталяваўся перавезены з поўначы рэспублікі «вянковы двор». Бачыла я ўтульныя і рацыянальныя арабскія дворыкі і думаю, што наш, віцебскі «вяночак» па зручнасці іх пераўзыходзіць. На Паазер'і дамы будаваліся не «пагонна», вуліцай, а паасобна, вяночкам.
Будуецца і Падняпроўе. Ужо выстройваецца вуліца, узнімаецца пад дах царква, перавезеная з вёскі Барань Аршанскага раёна.
Музей мае сваіх рабочых, сваю будаўнічую базу, хаця праблем — безліч. Туляцца ў цесных пакойчыках на мінскай вуліцы Алаізы Пашкевіч летуценнікі, ідуць не па «доўгі рубель» у кааператывы, а ў вёскі па «рубель» драўляны, якім калісьці іхнія прабабулі прасавалі-качалі палотны. Ідуць, ахвяруючы сваім дабрабытам у імя нацыянальнай культуры. Туляцца ў гэтых пакойчыках і экспанаты, адзін цікавейшы за другі, чакаюць свайго «зорнага часу». А час гэты падыходзіць вельмі павольна: тут няўвязкі, там няхваткі.
Музей адкрыты і небу, і людзям, але няма рэкламы, нават указальніка на кальцавой дарозе няма. I едуць сюды адзінкі, хіба што школьнікі — групамі.
«Нам бы аўтобус,— мараць музейшчыкі,— мы б самі экскурсіі вазілі». Мараць яны і пра брукаваную дарогу ад шашы ля вёскі Азярцо — якія паўтарадва кіламетры. «Асфальту ў нас не будзе, не было яго даўней у беларускіх вёсках».
Беларускія вёскі... Прыйдзе час, і збяруць яны свае бясцэнныя скарбы з усіх куткоў нашае бацькаўшчыны на мурожныя берагі Пцічы і Менкі, на дзівосны абшар пад крылом бусліным. Каб бачылі людзі, ведалі і шанавалі свае карані.
М. КАРПЕНКА.

Фота А. ЛАБАДЫ.
- Стрэхі нашага дзяцінства.
- Родны кут.
- Сустрэча з Паазер'ем.
- Вуліца цэнтральнай Беларусі.
- Вучоны сакратар музея Галіна Мікалаеўна ЛАТЫШ і галоўны захавальнік фондау Валянціна Андрэеўна МАЛЮШЫНА.
- Экскурсавод Таня БЕЛАНОВІЧ.
- Вяртанне да вытокаў.
- Брама — твор народнага дойлідства.

«Работніца і сялянка» № 9


Таіса БОНДАР
АПАВЯДАННЕ
ГОЛАС

Iвану Каляндру быў голас. I каб жа чый зверху ці адкуль там яшчэ _ІПІІ сыходзяць галасы, а то так... Жаночы, праўда. Але незнаёмы. Што незнаёмы, мог бы паклясціся не задумваючыся: калі б чуў калі яго раней — грудны, глыбокі, з ледзь прыкметным прыдыханнем — ужо ж бы не забыў. Надта адметны, рэдкі. Хоць чаго там! Голас як голас. I паўтараў ён усяго колькі кароткіх слоў. I зачапілі, відаць, не самі словы: што, Каляндра на будоўлі не чуў больш важкіх, трох-, чатырохпавярховых? Не, справа была не ў словах. I не ў голасе. Голас — вяртаўся. Вяртаўся! — тут быў сабака закапаны: не, не ды і даганялі Івана тыя кароткія словы, адны і тыя ж кароткія словы. I калі першы раз ён здзівіўся на момант і тут жа адмахнуўся ад іх — у адно вуха ўляцелі, у другое вылецелі,— то за другім разам ужо на момант задумаўся: каму гэта ён так насаліў, што папрок з вуснаў не сходзіць?
За свае трыццаць шэсць мог, канечне, і насаліць каму: ці мала з чыёй сцежкай ягоная сцежка спляталася. Але каб жанчына... З жанчынамі Іван звычайна ладзіў — і сыходзіліся і разыходзіліся палюбоўна: ні ён ад іх, ні яны ад яго зазвычай нічога гэтакага асаблівага, пікантнага (ён казаў: піковага) не хацелі, не чакалі. Ды і чаго было чакаць, як адразу (за гэтым ён сачыў!) агаворвалася: ніякіх ахаў, вохаў, ніякіх сантыментаў і салодзенькіх слоў, ніякіх піковых сітуацый. Яму, Каляндру, хапала дарогі, яе вечнага напружання, калі самім хрыбетнікам мусіў услухацца ў кожны рып, у кожны — ад кабіны да прычэпа — рух цяжкой бетоннай панелі. Гэтак, бывала, наўслухаецца, што пасля змены адно жаданне: змыць пыл, прыціснуцца спінай да цёплай прасціны і ляжаць так гадзіну, дзве, а калі пры гэтым цёплая жаночая рука пяшчотна гняздзіцца на грудзях або на плячы ягоным — што ж яшчэ?
Сапраўды — што ж яшчэ? Пыл — не кароста, змываўся лёгка: добра, вады ў сталіцы хапае, свежую (з пральні) прасціну ўзяць з паліцы ў шафе — два крокі ступіць, ну, а жаночая рука... Жаночая рука гэтаксама знаходзілася. На дзесяцігоддзі наперад Каляндра не загадваў бы (нашто?), але дагэтуль ласкі жаночай не выпрошваў: жанчыны заўсёды знаходзіліся. Не ранейшыя ж часы, калі што якое — і пад вянец мусіў ледзь кранутую, а то і не кранутую табой, весці. Дзякаваць д'яблу, не ранейшыя часы. I му-жыкі і дамы (Іван не ўжываў слова «бабы») паразумнелі. I тое сказаць: даюць — бяры, не гоняць — дзякуй. Якая ні простая філасофія — галоўнае, што зручная. Для кожнага зручная. Бо і даме ж не ўсякай карціць дзецьмі адразу абвешацца — перш можна адну-другую бліскучую цацку на шыю пачапіць, а потым... Потым відно будзе. За каго добрага мо й не пайсці замуж, але, як дужа схочацца, целюка ў штанах заўсёды прырукаць можна. Гэта не яго, не Каляндры, словы — Зоя любіла прыгаворваць: целюка ў штанах заўсёды прырукаць можна.
Зоя... Зоя б яго не папракнула, не. Для яе Каляндра нічога не шкадаваў: відная была, лічы — красуня. Клубамі павядзе — у каго сэрца няйначай матор надарваны заляскае, у каго позірк да самага дна скаламуціцца. Чарга ля яе бочкі з квасам кіламетровая выстройвалася, кожны, у каго вочы былі на месцы, толькі з яе ручак прагнуў напіцца ў спякотны дзень. Ды і не ў спякотны. Як не лопаў сёй-той, конаўку за конаўкай п'ючы. А ён, Каляндра, збоку пасмейваўся: гэтыя ручкі да ягоных плячэй увечары прыкіпалі, палка адгукаючыся на кожны рух, на кожны пацалунак.
Не, Зоя Каляндру не папракала б: аднойчы не прыйшла ні да яго, ні да сваёй бочкі з квасам. Генік Сыраед, сябрук (жонка яго, Света, з Зояй вадзілася), сказаў: за наваспечаным лейтэнантам некуды на поўнач матлянулася. За лейтэнантам дык за лейтэнантам. Паўгода з дня ў дзень да яго, да Каляндры, прыходзіла, а аднойчы не прыйшла. Вось і ўся гісторыя. I не ў яго звычцы шкадаваць. Відная была. Лічы, красуня. Рана ці позна за некім бы матлянулася.
Ён, Каляндра, піковых сітуацый не любіў. Пазбягаў. Навошта ўскладняць? З яго хапае дарогі. Толькі і сачы, каб які «жыгуль» ненарокам не прыціснуць. Каб льга, хвост каму з задаволена-няўмелых аматараў «жыгуля» (неабачліва труцца часам задужа блізка) ён прышчаміў бы, каб пад зад падпіхнуць, але ж машыны той! — зачапі і раструшчыш, няйначай, як цацачную. Адказвай потым за аматара. Ці за аматарку! — скамячыў пачак «Прымы» ў руцэ Каляндра, бо якраз у той момант, як падумаў, адна з іх, на белым «жыгулі», віхлянулася перад самым капотам.
Злёгку прытармазіў, пракаўтнуўшы нясказаныя словы, закурыў, зіркнуў на гадзіннік: да канца змены заставалася дзве гадзіны. Яшчэ адзін рэйс. Апошні.
«Водпуск узяць, ці што? Прыдумаць якую хваробу і папрасіцца ў водпуск?» — мільганула думка. Але мільганула і знікла, і Каляндра, зацягнуўшыся і не адчуваючы смаку цыгарэты, сплюнуў уздых: хто б яго адпусціў зараз, у канцы квартала, калі і план і прагрэсіўка пад пагрозай? Па тэлевізары паказваюць, што пачалося засяленне новага мікрараёна, а мікрараёна таго — адзін здадзены пад засяленне дом ды з дзесятак распачатых. А ўжо пляцоўкі вакол... Пакуль праціскаўся «МАЗам» паўз завалы і вагончыкі да свайго аб'екта, і бога, і д'ябла, і ўсе паверхі будтрэста да самага верху неаднойчы звыклымі словамі абкладзе: будавацца раён будуецца, а парадку яшчэ тры — чатыры гады па завяршэнні будоўлі не будзе. Гэта ўжо як піць даць. Не на першым аб'екце Каляндра працуе. Яму што. Ён за рулём. I з кабіны можа не вылазіць, і пазіраць не абавязкова: ёсць каму думаць, не адзін жа, відаць, і зарплату і прагрэсіўку спраўна атрымлівае — і за парадак ненаведзены таксама...
— Правей, правей давай! Не бачыш, ці што?
Каляндра высунуўся ў акно, азірнуўся на хлопца ў заляпаным цэментам камбінезоне і жоўтай касцы. Націснуў на тормаз, спакойна прытушыў цыгарэту і яшчэ раз агледзеўся, абмінуўшы позіркам няпрошанага дарадчыка. Трэба было ўзяць бліжэй да крана і правей, але ж «МАЗ» не «жыгуль», яму прастора патрэбна.
Цыркнуў слінай, павярнуў ключ, падаў машыну крыху наперад і лявей, каб льга было вывернуць...
— Сукін ты сын, хлопец.
Зноў — як заўсёды нечакана і вельмі выразна — прамовіў незнаёмы голас. Дзесьці за спінай. Каляндра нават міжволі азірнуўся цераз плячо: гэтак блізка, гэтак выразна прагучалі словы, быццам ён, Каляндра, вазіў голас з сабой у кабіне. Насланнё, дый годзе! Які голас? Чый? У заднім акенцы зварухнулася і, падчэпленая тросамі, паплыла ўгору і ўлева бетонная панель (чуваць было, як натужна парыпвае кран, упраўляючыся з ёю), значыцца, хвіліна-другая — і можна было ад'язджаць. Вось разагнецца, развіне Іван ва ўсю шырыню плечы, прыціскаючыся да спінкі, колькі разоў сашчэпіць і расцісне пальцы рук — і можна ад'язджаць: ён жа, задумаўшыся, і матор не выключыў.
Роўны, спакойны гул матора перапыніў, адсунуў думкі, але толькі на момант, бо ўжо ў наступны момант, звыкла націскаючы на газ, Каляндра адчуў, што непрыемныя, непрыемна абрывістыя згадкі зноў вярнуліся, зноў пачалі штурхацца, спрачацца, выцясняць адна адну. То раптам выплываў з памяці круглы, амаль бязбровы і таму як бы здзіўлены ўвесь час твар Мані Сцёпчыкавай, тынкоўшчыцы з пятага ўпраўлення (яна ўсё падсмейвалася, усё абяцала, што народзіць свету малога каляндрыка — гэта ў яе сорак два!). То, ледзь не адначасова, раструшчваючы Манін твар і Манін прастуджаны смех, прытарможвала побач з яго машынай сваю «Волгу» з кубікамі Валя («Як жа яе? Зубкова? Ці Зуйкова?») і колькі імгненняў дыміла, па-мужчынску камячачы ў губах цыгарэту і слухаючы яго, Іванаву, балбатню. То, ледзь расплываўся дым Валінай цыгарэты, пакручвалася перад невялікім квадратным люстэркам у яго пакойчыку Зоя — пакручвалася, пакручвала ўкруг шыі бліскучы ланцужок... Потым зноў падсмейвалася Валя, каб праз момант твар яе стаў падобны на размытую сонцам ружовую пляміну і ў гэтай пляміне, як у рамцы, пачаў праяўляцца новы воблік. Гэлі, прадаўшчыцы з хлебнага. Ці ўдовай Дзяменцьеўны, былой інтэрнацкай каменданткі. Ці Марыі з камвольнага...
Не, усё гэта было не тое. За што б каторая — а то і ўсе разам! — папікалі яго, Каляндру? З якой бы з іх і калі ні быў — незадаволеных не назіралася. Ён бы заўважыў, калі б што. Не заўважаў. А ўсё таму, што дамаўляўся ў першы ж вечар: ніякіх ахаў! Любіш — не любіш, пагукаеш — не пагукаеш... Гэта ўсё не яго гульні. Кожнаму хочацца цяпла? Кожнаму. Прырода сваё патрабуе? Патрабуе. Навошта ж ускладняць? Так і казаў заўсёды. I яго, Каляндру, разумелі. Цанілі.
Не, усё гэта было не тое. Тады што?
Згадаў раптам Геніка. Сыраеда. Тры дні таму расказаў яму пра голас — той не адразу і зразумеў. Утаропіўся — вочы па яблыку:
— Ты гэта не таго, гы-гы-гы?
— Не таго.
— Не піў, кажу?— пасур'ёзнеў, учуўшы, відаць, злосную яго разгубленасць.
— Калі гэта я піў да мух у галаве?— не абурыўся, адмахнуўся Каляндра.
— Дак мо гэта... як яго?.. галюцынацыя?
— Дурань, ёлка-палка? Я яму пра голас — пра жаночы голас! — а ён: галюцынацыя,— паспрабаваў абурыцца, але ўсёй злосці, што сплюнуў пад ногі цыгарэту.— Усіх дам, знаёмых і не вельмі знаёмых, перабраў. Для прыліку. Абрыдла слухаць адно і тое ж. Ажно не! Каторы дзень вяртаецца голас. Талдычыць і талдычыць сваё.
— Слухай! А мо маці дзе...
— Скажаш такое: ма-ці!
Адхінуў, як адрэзаў.
Але адрэзаць адрэзаў (каб Генік не прыставаў абы з чым), а думка запала. Які час нават трывожыла: пасля таго, як атрымаў сваю аднапакаёўку ў Дражні і пераехаў (два месяцы — два з паловай, лічы, мінула), не тое што рубля маці не выкраіў са сваіх расходаў, не паслаў, а і ліст напісаць не сабраўся, адраса свайго не паведаміў. То рамонтам займаўся, то спешна якую-такую мэблю расшукваў (не ўсё ж на казённых ложках спаць!), то з магарычамі (не аднаму трэба было паставіць) разбіраўся. Звычайная справа з пераездам!
Мог, канечне, напісаць ліст. Не сабраўся. Закруціўся. Такое здаралася зрэдчас. I раней. Зараз жа і прычына важкая была: з чаго раптам яму, Каляндру, было папракаць сябе? Старую ён не забываў: пісаў калі-нікалі, грошы пасылаў калі-нікалі. Усё як след. Вось і пасля той гаворкі з Генікам ператрос кішэні, чырвонец перахапіў у хлопцаў і адправіў у недалёкую матчыну Слабаду трыццаць рублёў. Для супакою, як кажуць. Бо маці — гэта маці. Нават калі састарэе. Што ён, Каляндра, гэтага не разумеў?
Не, з памяццю ў Каляндры было ўсё ў парадку: усё ён памятаў, нікому не даў бы сябе з панталыку збіць. Ды і якая гэта маці ні за што, ні пра што сына будзе папрокамі тузаць? Маці — гэта маці. Калі што і пакрыўдзіць яе, дык даруе. Разумее ж, што сын у сталіцы не бібікі б'е, працуе. Таму і рассусольваць не было чаго. Ён, Каляндра, і думаў пра гэта, бо Генік прыпомніўся.
— Правей, правей давай! Не бачыш, ці што?
Каляндра, крыва ўсміхаючыся, змерыў паглядам знаёмага хлопца ў заляпаным цэментам камбінезоне і жоўтай касцы, націснуў на тормаз і рукой падазваў яго да кабіны. Калі той наблізіўся, ужо цішэй паўтарыўшы сваё: «Не бачыш, ці што?», высунуўся з акна, схіліўся, наколькі льга было, і разам з крывой усмешкай выдыхнуў таму проста ў твар:
— Ты што, ёлка-палка, з «МАЗам» не размінешся? Памагчы?
I націснуў на газ. Матор узвыў, машына тузанулася (звыкла загадаў сабе: «Цішэй! Цішэй!») і рушыла: навобмацак падаў бы яе да крана Каляндра, не тое што...
Разгрузіўся, не выходзячы з кабіны. Нават у люстэрка не пазіраў. Сядзеў. Курыў. Зрэдку паводзіў рукой, адганяючы дым. Адганяючы думкі. I голас, калі б той схацеў раптам зноў вярнуцца. Спрабаваў прыкінуць, каму з дам пазваніць, каб разбавіць вечар. Не атрымалася. Нічога вартага не знаходзілася. Ніводнае імя чамусьці Каляндру сёння не грэла. Нічога не грэла. Хіба што футбольны матч, які трансліравала ўвечары тэлебачанне. Не зацяты балельшчык ён, Каляндра, быў, не, а ўсё ж, як кожны нармальны мужык, з простай цікавасці праседжваў перад экранам, па якім ганялі мяч знаёмыя ўсім і кожнаму ігракі. Ды і абмяркоўваць потым, з кім ні загавары, было што: як-ніяк — тэма, якая давала выплеснуць усе нават не хадавыя словы, калі хто аматар да іх. Ён — не аматар, а пагаманіць — чаму б і не пагаманіць.
Пазвоніць Геніку, вырашыў ён. Адразу пасля матча і пазвоніць. Мо вырвецца той ад сваёй Светы на гадзіну, зазірне: праз квартал жа зараз жыве, не праз увесь горад ехаць, як раней. «Не праз увесь жа горад...» — круціў, пакручваў Каляндра адну і тую ж думку, абы не ўслухвацца ў згадкі, што добра-такі натлумілі за дзень галаву. Дзень заканчваўся. Закончыўся, лічы. Бо вось жа ўжо ўехаў Каляндра ў двор аўтабазы — колькі паваротаў руля, і машына застыла паслухмяна на сваёй стаянцы.
— Што гэта ты? Язык праглынуў, калдобіну пераязджаючы? — здзіўлена зірнула паверх акуляраў Ігнатаўна, стары дыспетчар, калі Іван моўчкі падаў ёй пуцявыя дакументы.
— Есці хачу,— буркнуў першае, што прыйшло на розум.
— А-а! На,— сунула яна яму яблык,— грызі, а то дадому не дабярэшся.
I засмяялася.
— Мяне пачаставалі, а я цябе частую. Еш, еш! — дадала, заўважыўшы яго рух і нахмураныя бровы.— Не глядзі, што жартую. Ад чыстага сэрца...
— Дзякуй, Ігнатаўна,— сунуў у кішэню яблык Каляндра.
Есці ён не хацеў. Нічога, па праўдзе, не хацеў. Таму абмінуў, прывітальна падняўшы над галавой руку, гурт хлопцаў, што, паз'язджаўшыся пасля змены, абменьваліся анекдотамі (па выбухах смеху чуваць), і пашыбаваў дадому: гарачы душ, бутэлька піва — і настрой вернецца, ён быў загадзя ўпэўнены. Не першыня! Пры адной думцы пра душ і пакінутую ў халадзільніку бутэльку «жыгулёўскага» цяплей на душы стала. А то голас! I каб жа чый зверху ці адкуль там яшчэ сыходзяць сёння галасы...
— Сукін ты сын, хлопец!
— Ды пайшла ты!..— не стрываў Каляндра і паслаў тую, каму належаў грудны, глыбокі, з ледзь прыкметным прыдыханнем голас, куды далей: ён ужо, расправіўшы на плечыках скураную куртку і выцягнуўшы з халадзільніка злёгку запацелую бутэльку, збіраўся ў душ.
I тут у дзверы пазванілі. Раз. I другі. Ён кінуў ручнік на крэсла і пайшоў адчыняць.
— Каляндра? Іван Восіпавіч? — калупаючыся ў паштовай сумцы, запытала жанчына.
— Каляндра. Іван Восіпавіч.
— Ваш грашовы перавод вярнуўся. Атрымайце.
— Як вярнуўся? — не зразумеў той.— Які грашовы перавод?
— У вёску Слабада Асіповіцкага раёна,— падняла на яго стомленыя вочы жанчына.— Вось. Вы пасылалі?
Каляндра ўзяў у яе з рук запоўнены ім тры дні таму паштовы бланк грашовага перавода на трыццаць рублёў: наўскос, там, дзе ён звыкла, машынальна вывеў матчын адрас, чырвоным алоўкам было напісана: адрасат памёр.
Мал. С. РЫЖЫКАВАЙ.


СПАТКАННЕ НА СТАРОНКАХ «СВІЦЯЗІ»

Гэтай навіны даўно чакалі аматары кнігі нашай рэспублікі: у выдавецтве «Беларусь» выйшаў у свет першы альманах яе бібліяфілаў. Кніга змяшчае артыкулы пісьменнікаў, журналістаў, работнікаў культуры і вытворчасці — энтузіястаў кніжнай справы. У альманаху «Свіцязь» асвятляюцца розныя эпізоды з гісторыі стварэння і распаўсюджання кнігі, дзейнасць бібліятэк, расказваецца аб лёсе асобных кніг, пошуках кнігалюбаў.
Сярод 34 аўтараў зборніка нямала жанчын. Шмат цікавага знойдуць чытачы ў матэрыялах В. Яфрэмавай «Творы К. Маркса і Ф. Энгельса ў дарэвалюцыйнай Беларусі» і В. Дышыневіч «Голас з XVI стагоддзя» — аб творчасці паэта-латыніста Міколы Гусоўскага. Аматараў гісторыі беларускай літаратуры зацікавіць артыкул Н. Ракіцкай «Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». Нарыс Б. Шарашэўскай «Няўзяты аўтограф» знаёміць чытача з некаторымі эпізодамі жыцця і творчасці выдатнай савецкай паэтэсы Ганны Ахматавай.
«Адным з буйных помнікаў культуры на тэрыторыі Беларусі з'яўлялася Слуцкая бібліятэка Багуслава Радзівіла, якая існавала ў першай палове XVII ст.»,— піша В. Цыбуля ў матэрыяле «Бібліятэка лацінскай кнігі ў Слуцку». На падставе вывучэння бібліятэкі Радзівіла даследчыца робіць заключэнне, што нават ва ўмовах абмежаванага доступу да кніжных багаццяў князя яго бібліятэкай маглі карыстацца гараджане сярэдняга саслоўя. Даследаванне «Асабістыя бібліятэкі ў дзяржаўных кнігасховішчах» прапанавала «Свіцязі» Л. Збралевіч, загадчыца аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР.
З сямі раздзелаў альманаха, бадай, самымі цікавымі з'яўляюцца раздзел «Выданні незвычайнага лёсу. Знаходкі» і «Сярод рукапісных кніг і рукапісаў». У першым з іх змешчаны артыкул А. Мальдзіса «Застаўся толькі карэктурны адбітак», прысвечаны жыццю і дзейнасці рэвалюцыянера, грамадскага дзеяча, пісьменніка, ураджэнца і жыхара Смаргоні Івана Францавіча Сініцкага, і арыгінальны матэрыял Г. Каханоўскага «Арышт «Старой прыказкі» аб некаторых момантах з жыццёвага шляху Клімента Гучкоўскага, аўтара беларускай брашуры «Старая прыказка», знойдзенай у Львове.
Чацвёрты раздзел «Сярод рукапісных кніг і рукапісаў» пачынаецца арыгінальным матэрыялам Г. Кісялёва «Паслухайце, браткі, Навума старога!..». На падставе глыбокага вывучэння архіўнага фонду Л. Бэндэ (Рэспубліканскі архіў-музей літаратуры і мастацтва) і архіва Акадэміі навук БССР аўтар артыкула знаёміць нас з абставінамі выдання не вядомай дагэтуль вершаванай аповесці Дуніна-Марцінкевіча «Травіца братсястрыца», а таксама з творчасцю вядомага беларускага літаратуразнаўцы I. I. Замоціна.
Уступ да альманаха «Свіцязь» напісаў Ніл Гілевіч. Хочацца прывесці заключныя словы гэтага ўступу, які носіць назву «Святло вялікіх традыцый»: «Няма сумнення, што бібліяфільны альманах «Свіцязь»... можа паспяхова служыць асветніцка-выхаваўчым задачам: прышчапляць павагу і любоў да кнігі як да плёну творчай энергіі людзей, да крыніцы чалавечай мудрасці і дабрыні, абуджаць у чытачоў пачуцці нацыянальнай годнасці і інтэрнацыянальнага брацтва, спрыяць крышталізацыі гістарычнай самасвядомасці...».
Думаецца, што спатканне на старонках «Свіцязі» стане добрай традыцыяй.
Э. ІОФЕ, дацэнт МДПІ імя А. М. Горкага, кандыдат гістарычных навук.


<- предыдущая страница следующая ->


Copyright MyCorp © 2024
Конструктор сайтов - uCoz