каморка папыВлада
журнал Работнiца i сялянка 1989-09 текст-1
Меню сайта

Поиск

Статистика

Друзья

· RSS 19.04.2024, 10:04

скачать журнал

страница следующая ->

ISSN 0131-8055
РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА
№ 9 1989


На нас глядзіце закаханымі вачамі...
Музыка Леаніда ЗАХЛЕЎНАГА
Словы Алы КАЖЭРА

Жаночай прыгажосці ёсць сакрэт,
Шукаць яго не трэба за гарамі:
Мы расцвіцём, бы яблынь першацвет,—
На нас глядзіце закаханымі вачамі.
Лябёдкамі прад вамі праплывём,
Як зоркі, ўспыхнем цёмнымі начамі,
I імем вас ласкавым назавём,—
На нас глядзіце закаханымі вачамі.
Не будзе стомы ластаўкам-рукам,
У працы залюбуецеся намі,
Нягоды ўсе падзелім напалам,—
На нас глядзіце закаханымі вачамі.
I ўбачыце, як казка ажыла,
У цуды вы паверыце і самі,
У тыя, што любоў стварыць магла,—
На нас глядзіце закаханымі вачамі.

Фота А. ЛАБАДЫ.
© «Работніца і сялянка», 1989 г.
«Работніца і сялянка» № 9


I ПРЫЙДЗЕ НОВЫ ДЗЕНЬ...

Жанчына з ломам, мужчына — на аўтамаце.
Калі лопне «мыльная праблема»?
Усё трэба выбегаць...

Цэлы тыдзень на другім канцы провада нязменна чую: «Ірына Іванаўна Тубалец у Маскве па дэпутацкіх справах». I вось, нарэшце, яе голас: «Сёння працую ў другую змену, прыходзьце заўтра раніцай да мяне дамоў».
Жыве яна недалёка ад трактарнага завода. За вокнамі шумяць машыны і людскія галасы, а гаспадыня на кухні частуе смачнымі блінамі — гасцінная, прывабная, і, здаецца, ведаю яе даўным-даўно. А потым — потым Ірына Іванаўна паказвае пісьмы, якія не паспела аднесці ў дэпутацкі пакой і захоўвае дома, і расказвае, расказвае...
— У Маскве вельмі хацела трапіць на прыём да Шалаева, але не ўдалося. Усе паперы пакінула ягонаму памочніку і, калі станоўча вырашыцца пытанне, буду вельмі рада. Трыста сем'яў нашых трактарабудаўнікоў атрымалі пад Мінскам зямлю, каб будаваць жыллё. Цана катэджа — ад 30 да 50 тысяч рублёў. Мала хто можа адразу знайсці столькі грошай, і таму дзяржава вырашыла дапамагчы забудоўшчыкам, даць пазыку на нейкі час. Але банк патрабуе тры працэнты гадавых. Гэта вельмі многа, за ўвесь час набягае шэсць — дзевяць тысяч. Прафсаюзы прапанавалі такое выйсце: самім узяць пазыку ў дзяржавы і прадаставіць яе забудоўшчыкам без гэтых трох працэнтаў гадавых.
Так хацелася з дапамогай Шалаева хутчэй вырашыць гэтае пытанне! Да якіх маіх абавязкаў аднесці такую справу — дэпутацкіх або прафсаюзных (я член прэзідыума ЦК нашага галіновага прафсаюза) — не ведаю. Ды і хіба можна падзяляць свае абавязкі?
Вярнулася на завод, у свой цэх, а таварышы кажуць: «Выгулялася ў Маскве — табе сёння і працаваць на паўаўтамаце». Не думайце, што са злосці яны так сказалі, проста гэты паўаўтамат мы ўсе дружна ненавідзім, працуем на ім па чарзе, бо лепей уручную штампаваць дэталі. Устанавілі яго нядаўна, усё на складзе пыліўся. Мужчыны працаваць на ім адмовіліся, кажуць: толькі жаночыя нервы вытрымаюць такую работу.
Вы бачылі наш цэх? Брудна, шумна, праца манатонная да атупення. Такая тэхніка, як гэты паўаўтамат, таксама не падмога. Стружка і шайбачкі ляцяць у адзін бок, перамешваюцца, як іх аддзяліць паасобку? Заводскія ўмельцы паставілі агароджу, каб дэталі далёка не адляталі, але і гэта не выйсце, пасля змены цэлую гадзіну поўзаеш на каленях, збіраючы з падлогі тыя шайбачкі. Папрацавала змену — сапсаваўся настрой...
А некалькі гадоў назад начальнік цэха гаварыў: «Прыйдзе час — паявіцца ў нас цэх аўтаматаў і вы, жанчыны, будзеце ў белых халатах толькі назіраць за іх работай». Праўда, некалькі аўтаматаў з'явілася ў нашым штамповачным, толькі працуюць на іх мужчыны. Работа — адна любата: заправіў металічную стужку і сачы за якасцю дэталей. А мы... Мы засталіся на дапатопных прыстасаваннях, дзе і вытрымка патрэбна, і сіла, і дзе кожны ўдар прэса быццам і цябе б'е па галаве.
Ды што там! Наша работа яшчэ лічыцца боскай. А каб вы паглядзелі, як працуюць жанчыны ў ліцейным або кавальскім цэху! А яны ж — і жонкі, і маці, і будучыя маці... Колькі разоў гаварыла — амаль крычала на пасяджэннях прэзідыума ЦК прафсаюза, даказвала, што трэба мяняць становішча. А мне: «Не ўсё адразу, паступова выведзем жанчын з гэтых цэхаў». Выведзем! Гэта ж немагчыма без новай тэхнікі. Намерваліся вывесці, нават зрабілі пэўныя захады, але праходзіў час, і жанчын вярталі на старыя месцы. Бо ручная праца спакон веку чамусьці лічылася жаночай, і мужчыны не хочуць туды ісці. Ды і проста не вытрымліваюць такіх умоў. А мы, жанчыны? Мы цягавітыя, безадмоўныя, ідзём, а што рабіць? Нехта павінен і там працаваць.
Больш за дваццаць гадоў працую на штампоўцы, на сваёй шкуры зведала, што азначае для жанчын фізічна цяжкая праца, калі зімой у цэху холадна і дзьмуць скразнякі, а летам неймаверная гарачыня і няма чым дыхаць. I як здорава, што нарэшце на поўны голас загаварылі аб тым, што спакон веку лічылася дробязямі,— аб увазе да ўмоў нашай працы, аб тым, што нам няма дзе пераапрануцца пасля бруднай работы і прыняць душ, што не маем зручнай спецвопраткі, што нельга жанчынам працаваць у трэцюю змену. Колькі іх назбіралася, гэтых дробязей, якія псавалі і жыццё і настрой. «Любой цаной — план! Астатняе — не варта ўвагі».
Сёння тое-сёе мяняецца, але так хочацца, каб перамены адбываліся хутчэй! Вось і зараз я, народны дэпутат СССР, мушу займацца «мыльнай праблемай». На завод прыйшло пісьмо з Міністэрства гандлю БССР: змяншаецца на трыццаць працэнтаў забеспячэнне прадпрыемства мылам. Паперкі лягчэй рассылаць, чым рабіць нешта канкрэтнае, каб выправіць становішча. Чым памыць нашу брудную робу, нашы рукі, у якія ўеліся машыннае масла і металічны пыл? Купіць бы ў магазіне кавалак мыла, але ж не купіш. Жанчыны з цэха да мяне: чаму так? Ты народны дэпутат, табе і займацца гэтай праблемай.
Я — у БРК прафсаюза, звярнулася да міністра хімічнай прамысловасці. Нешта спрабуюць вырашаць, але... «Ведаеце, усюды цяжкасці з мыйнымі сродкамі...» А хто вінаваты? З каго спагнаць? Няхай вінаватыя прынародна трымаюць адказ. Чаму ў нашу краіну трэба везці мыла ажно з Індыі? Нервуюцца рабочыя, хвалююцца. Канечне, з-за мыла канвеер не спыніцца. А можа, і спыніцца...
Са сваім горам ідуць да мяне людзі, са сваёй бядой, спадзяюцца, што здолею дапамагчы. Вось рабочы нашага завода Кудрашоў разам з сям'ёй жыве ў прыватным доме. Побач распачалося будаўніцтва шматпавярховага гмаху. Зямлю пад самы вугал раскапалі, вежавы кран цягае грузы над кудрашоўскім домам. Спачатку абяцалі чалавеку кватэру, а цяпер маўчаць... Ды і не патрэбна яму кватэра, плошчы хапае, але ж вышынны дом узводзяць пад самымі яго вокнамі, папсавалі сад, агарод. Хіба нельга было знайсці для будаўніцтва іншую пляцоўку? Але ў нас прывыклі разважаць: што значыць лёс аднаго чалавека, адной сям'і ў параўнанні з грандыёзнай будоўляй, грандыёзнымі планамі! Накіравала я дэпутацкае запытанне на імя старшыні гарсавета таварыша Міхасёва, чакаю адказу.
А вось што сталася з ільготнымі пенсіямі для некаторых катэгорый рабочых нашага прадпрыемства. Некалі запісалі ім у працоўныя кніжкі, што яны маюць права ісці на пенсію раней, тагачасны дырэктар нават загад выдаў. А зараз, калі трэба афармляцца на пенсію, раптам высвятляецца, што і загад згубіўся, і спецыяльнасці гэтыя ў пералік афіцыйна льготных не ўвялі. Трэба неяк разблытаць вузел шматгадовай даўнасці, ехаць на прыём да былога дырэктара завода Мікалая Мікітавіча Слюнькова...
Народным дэпутатам СССР мяне выбралі ад прафсаюзаў. Сказаць, што была вельмі ўсхвалявана, значыць не сказаць нічога. Ні спаць, ні есці не магла, у галаве адна думка: ці здолею быць дэпутатам? Адукацыя мая — дзесяць класаў, і хоць увесь час займалася грамадскай работай, любіла яе, але ж абавязкі не параўнаць. Жанчыны на нашым участку падтрымалі мяне: «Не перажывай так моцна, працуй, не шкадуючы ні сіл, ні часу, і ўсё атрымаецца». У мяне і ў самой вялікае жаданне зрабіць нешта карыснае, дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу, толькі не заўсёды ўсё ўдаецца. Іншы раз б'ешся над нечым цэлы дзень, намагаешся нешта вырашыць. I... не выходзіць. Увечары прыйдзеш з завода, і такое незадавальненне сабою: ні ў хаце нічога не паспела зрабіць (дзякуй мужу і дзецям, усе хатнія клопаты ўзялі на сябе), і па дэпутацкіх справах не ўсё атрымалася.
Ніколі не забуду свой першы дэпутацкі прыём. Як трымаць сябе, што рабіць у тым ці іншым выпадку, каб канкрэтна дапамагчы чалавеку? Колькі ўсяго трэба ведаць! Законы нашай краіны, правы і абавязкі грамадзян. Можа, для адных дэпутацкія справы — натуральны працяг спраў службовых, можа, для вучоных, кіраўнікоў прадпрыемстваў, эканамістаў, юрыстаў быць народным дэпутатам прасцей, чым для мяне, рабочага чалавека. Бо шмат трэба мне вучыцца, многае пачынаць з нуля.
Мяне падтрымліваюць і ў заводскім прафкоме, і ў БРК прафсаюза, і сяброўкі блізка да сэрца ўспрымаюць мае клопаты. Як удзячна я ім за параду, добрае слова! Асабліва Ніне Андрэеўне Малюценка і Ганне Пятроўне Лоўчай. Але ёсць і такія, хто гавораць: падумаеш, народны дэпутат! Што ты можаш зрабіць? Прайшоў з'езд, і нічога не змянілася! Я не асуджаю гэтых людзей. Проста яны зняверыліся ў сіле Саветаў. Толькі справамі іх можна пераканаць у адваротным.
Але за адзін дзень і нават за год нельга дабіцца паляпшэння. А нам хочацца, каб найхутчэй, мы не можам чакаць. Запушчанасць навокал страшэнная, эканамісты гавораць: наша эканоміка знаходзіцца на грані катастрофы. Я згодна з імі, але ведаю: гэтага не здарыцца, калі ўсе мы, кожны з нас будзе лепш працаваць на сваім рабочым месцы. Калі кожны кавалачак металу падымем з падлогі. У нашых цэхах раскідана мора дэталей, прыбіральшчыца падмяце — і ў адходы выкіне. А калі б кожную дэтальку выбраць ды ўсе па палічках раскласці, каб эканомілі мы ўсё і ў малым, і ў вялікім, каб без рэкордаў ды рапартаў — проста сумленна працавалі кожны на сваім месцы? Ды яшчэ дадаць тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемстваў, эканамічную рэформу?
Не выступала я на З'ездзе народных дэпутатаў, а калі б выступіла, зноў жа пра нашых жанчын гаварыла б. Пра тое, што прыніжаюць іх і ў магазінных чэргах, і ў бальніцах, і ў паліклініках — усё трэба выбегаць ды выстаяць, нічога не купіш проста так. Мы нават забыліся на гэтае слова — купіць, усё дастаём — нервамі, беганінай, стаяннем у чэргах, губляючы пачуццё ўласнай годнасці...
У няпросты час мы жывём. Няпроста быць народным дэпутатам. Шмат якія паняцці зніклі з нашага лексікону: «з вялікім натхненнем», «аднадушна падтрымліваем». Затое з'явіліся новыя: «рыса беднасці», «фонд міласэрнасці», «забастоўка» — горкія, але справядлівыя. Рэальны і той факт, што новае, поўнае даброт жыццё вось так адразу не пабудуеш. Патрэбны намаганні ўсіх, і самае галоўнае — працаваць, працаваць, працаваць.
Першыя крокі работніцы ў якасці народнага дэпутата СССР... Шчырая заклапочанасць зрабіць як мага больш, пастаяць за правы рабочага класа, неабыякавасць да падзей у краіне. I надзея на новы дзень, прага спасцігнуць нялёгкую навуку — вучыцца быць дэпутатам, кіраваць дзяржавай.
Настае час развітання. Ірына Іванаўна Тубалец спяшаецца ў гарвыканком, дзе сёння збіраюцца народныя дэпутаты. «Заадно і лёсам свайго дэпутацкага запытання пацікаўлюся,— кажа яна,— справай Кудрашовых. Два тыдні мінула, адказу пакуль няма, а час не цярпіць».
С. КУЛІНКОВІЧ.

Фота. А. ЛАБАДЫ.
- Дэпутацкая пошта.
- Работа не спыняецца і ў час абедзеннага перапынку.
- Хатнія клопаты Ірына Іванаўна дзеліць з мужам Мікалаем Сцяпанавічам. Ен таксама працуе на трактарным.
- Штампоўшчыцы Ірына Іванаўна ТУБАЛЕЦ, Наталля Уладзіміраўна КЛІМЕЦ, Марыя Раманаўна ДЗЯТКОВА і Любоў Максімаўна ГРЫБКО.
- Рабочае месца Ірыны Іванаўны.


Гульфія ЮНУСАВА

Імя башкірскай паэтэсы Гульфіі Юнусавай добра вядома ўсесаюзнаму чытачу, яе вершы перакладзены на многія мовы народаў СССР. Гульфія Юнусава — аўтар дванаццаці паэтычных кніжак, член праўлення Саюза пісьменнікаў РСФСР, галоўны рэдактар башкірскага рэспубліканскага жаночага часопіса «Башкортостан кызы».
Прапануем увазе чытачоў нізку вершаў Гульфіі Юнусавай.

ФРАНТАВІЧКІ

О, дочкі нашай слаўнае зямлі,
Бабулькі, што глядзелі ў вочы смерці!
Свой ратны шлях сумленна вы прайшлі,
Яго давеку з памяці не сцерці.
А уваччу яго бясконцыя дарогі,
Крывавы бой і шчасце Перамогі.
У ціхіх вашых слёзах мне відны
Малюнкі найстрашнейшае гадзіны.
Пажарышчы мінулае вайны,
Дамоў асірацелыя руіны,
I грозны аўтамат, што смерцю строчыць,
Да болю сціснуты ў руках дзявочых.
Ізноўку промні свецяць з вышыні.
Аркестрам парк страчае майскі ранак.
Гараць букеты кветак, як агні,
Для вас яны, для вас, для ветэранаў.
Звіняць вясною родныя прасторы...
Вам, франтавічкам, кветкі шчыра дорым.

СІНІЦА

Мамачка, на твары шмат маршчынак,
Снег табе на скроні рана лёг.
У цябе сямёра нас, крывінак —
Сем тваіх і лёсаў, і трывог.
Калі радасць нас не пакідала,
Калі грэў сямейны нас ачаг,
Ты прыходзіла у дом, бывала,—
Радасць і надзея у вачах.
Падступала гора да парога —
Сцежачку знайшоўшы ў чорны час,
Ты спяшала першай на падмогу —
Супакоіць і суцешыць нас.
Я спыталася аднойчы:
— Мама!
Растлумач, будзь ласкава, чаму
Ўсё, што б дзе ні здарылася з намі,
Сэрцу ведама да кропачкі твайму?
Усміхнулася: — Чаго таіцца?
Кожны дзень — ужо каторы год —
Мне пра вас чароўная сініца
Ўсё паведамляе напярод!
Ведаю твае я ўсе трывогі,
Бо няма спакою нат у сне.
Ты спяшаешся да нас,
Ты ля парога,
Ты прыйшла — і добра, лёгка мне.
Так, сямёра нас...
I навучыцца
У цябе жаданнем мы гарым.
Можа, па адной такой сініцы
Ты падорыш ўсім нам, семярым?

СВЯТА ПАМЯЦІ

Пабыць адной, сваё юнацтва ўспомніць,
I сум тых дзён, і радасці святло.
Мінулае вярнулася у сёння,
А сёння — у мінулае пайшло.
Жыццё трымала тайны пад пячаткай,
Трымала неба таямніц страху.
Юнацтва — гэта ўсіх дарог пачатак,
Здавалася ўсё лёгкім на шляху.
Спявала сэрца радасна і звонка
I заклікала ўзвіцца над зямлёй...
О, затрымайся ты яшчэ, дзяўчынка,
Не пакідай ты памяці маёй!
Убачыўшы цябе, я ледзь не плачу.
I той дзяўчынцы з нашага двара
Я косы аксамітныя кудлачу
I раю, як старэйшая сястра.
Я гавару:
— Ты астудзі гарачнасць,
Заўсёды будзь, сястра, сама сабой,
Не ўзносся, калі стрэціцца удача,
Не панікуй, як стрэцішся з бядой.
Жыццё, сястрычка, гэта не імгненне —
Блукаеш і пад сонцам, і ўначы,
Тут хопіць і хістанняў, і сумненняў,
Не знаеш, як сябе перамагчы.
I памыляцца будзеш ты міжволі,
I мучыцца ад гэтага. I ўсё ж
Міжвольнымі памылкамі ні болю,
Ні гора іншым ты не прынясеш.
Пражыты дзень паўстаў пад зрокам зоркім,
Наступны адгадаць — то не для нас.
I нам, сястра, заўзятым фантазёркам,
Развітвацца пара, Наш выйшаў час.
Адна я сёння між зямлёй і небам.
Трывожыць успамінаў, думак рой.
Таму пабыць адной мне сёння трэба —
Сягоння свята памяці маёй.

ТАЙНА

О колькі тайнаў у сабе хавае
Зямля.
Іх прыбаўляецца штодзень.
I можа быць, што самая святая —
Схаваная у сэрцах ад людзей.
I у мяне ў маім трывожным сэрцы
Жыве такая тайна. I яна
Мне з кожным годам даражэй здаецца:
Яна — святло, і песня, і вясна.
Душа мая агнём яе сагрэта,
I песня — з гэтай тайнай нематы.
Табе, мой друг, адкрыла б тайну гэту,
Ды права мне не даў такога ты.
Яе я, пэўна, панясу з сабою,
I на зямлі, як з даўніны было,
Нязгасным застанецца ўсё ж зямное
Нязгаснае ў душы маёй святло.

НАДЗЕЯ

У песні як пяецца, мы з табою
Два берагі. Дзе сілы ўзяць на крок?
Раздзелены шырокаю ракою,
Пачуццям і жыццю насупярок.
Разрэзана надвое пойма луга.
Рака бяжыць, бяжыць і кліча так!
З табою бачыць можам мы друг друга,
А вось рукі паціснуць — аніяк.
Ты ведаеш ад хваль рачных, якою
Жалобай поўніцца душа мая.
Пра тое, што няма табе спакою,
Ад хваль рачных даведваюся я.
Вясной рака прарочыць, дружа, марна:
«Сустрэча блізіцца, яна чакае вас».
Але разліў вясновы не ўладарны
Злучыць нас разам хоць на нейкі час.
Ды рэчышча пятлістае, і што там
Убачым мы за выгібам ракі?
Магчыма, што за новым паваротам
Нарэшце злучацца ўсё ж нашы берагі...

На беларускую мову пераклаў Уладзімір ПРАВАСУД.


У ПТВ толькі дзяўчаты

ДЫЯЛОГ: «РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА» — намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце Віцебскага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 19 АНТАНІНА СЯРГЕЕЎНА ГОЛУБ
«Прыём асабістых рэчаў у Фонд міласэрнасці для аказання дапамогі малазабяспечаным грамадзянам Чыгуначнага раёна г. Віцебска адбываецца ў спартыўнай зале штодзённа з 9 да 13 гадзін»...
Убачыць такую аб'яву ў вестыбюлі прафтэхвучылішча было прыемнай нечаканасцю. На балючыя патрэбы малазабяспечаных грамадзян адгукнуліся,— як пазней высветліцца, аднымі з першых у горадзе,— не надта заможныя навучэнцы ПТВ, большасць з якіх жыве на зусім невялікія грошы. Такі штрых да сацыяльнага партрэта калектыву, пагадзіцеся, набывае асаблівы сэнс. Тым болей, што меркаванне аб маральных якасцях выхаванцаў ПТВ у нас апошнім часам складалася пераважна пад уплывам міліцэйскіх пратаколаў, якія цытуюцца ў газетных нататках пад рубрыкай «З залы суда».
Вобраз навучэнца ПТВ у нашым уяўленні сапраўды далёкі ад маральнага ідэалу. Шырокая пагалоска пакідае прафтэхвучылішчу месца недзе за парканам ВНУ і тэхнікума: маўляў, у ПТВ змушаны ісці толькі тыя, хто не мае шанцаў трапіць у «прыстойную» навучальную ўстанову. I няшчасныя маці, многія з якіх блытаюць ПТВ ці то з КПЗ, ці то з ЛТП, заліваюцца слязамі, даведаўшыся пра намер сына ці дачкі несці дакументы ў прафтэхвучылішча...
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Антаніна Сяргееўна! Калі мы закранаем выхаваўчыя праблемы і гаворым пра «цяжкіх» падлеткаў, даволі часта высвятляецца, што непаўналетні правапарушальнік вучыцца ў ПТВ. Вядома ж, гэта нельга лічыць заканамернасцю, але і выключэннем з правіл не назавеш. У чым тут справа? Ці, можа, у вашым вучылішчы няма такіх праблем?
А. С. ГОЛУБ: — Ну, дзе ж сёння іх няма? Давайце паглядзім, хто сюды прыходзіць. Больш за дзевяноста працэнтаў нашага штогадовага набору, які складае трыста чалавек,— дзяўчаты ў тым узросце, які нездарма лічыцца «небяспечным». Мяркуйце самі: учарашняя школьніца ўпершыню пакідае сям'ю, едзе з вёскі ці райцэнтра ў вялікі горад, вызваляецца ад штодзённай і прывычнай бацькоўскай апекі. Новае, незнаёмае жыццё кружыць галаву водарам самастойнасці, спакушае свабодай паводзін і ўчынкаў. I вось ужо не заняткі на першым плане, а зусім іншае... Наўрад ці трэба называць прозвішчы, але ёсць і ў нас, на жаль, сумныя прыклады, калі мусілі развітвацца з навучэнкамі пры даволі драматычных абставінах. Бацькі ў такіх выпадках,— на шчасце, даволі рэдкіх,— упэўнены, што іхняе дзіця збэсціў горад, што ва ўсім вінаватыя педагогі і выхавацелі, якія «не заўважылі», «недагледзелі»...
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Хто ж, на вашу думку, сапраўды вінаваты?
А. С. ГОЛУБ: — А ці заўсёды ў такіх выпадках трэба шукаць вінаватага? Дрэнная звычка, якая бярэ пачатак, па-мойму, у сумна вядомым часе, калі ў кожнай непажаданай з'яве бачылася нейчае злачынства і абавязкова павінен быў знайсціся «казёл адпушчэння». Не трэба яго шукаць! Мы ж не вінавацім маці ў тым, што не навучыла дачку іголку трымаць,— а такіх сярод нашых абітурыентак аказваецца нямала. I яны ідуць у вучылішча, якое рыхтуе швачак!
Але ніхто з іх не кпіць, ніхто іх не адпрэчвае. Мы нават на школьныя атэстаты стараемся не звяртаць увагі: ці мала з якой прычыны «не ішла» ў дзяўчынкі матэматыка ці геаграфія! Дарэчы, шмат атэстатаў з высокім сярэднім балам — гэта да пытання, ці ідуць да нас толькі тыя, у каго мала шанцаў паступіць у інстытут. Не ведаю, хто якімі матывамі кіруецца пры паступленні ў ПТВ, але ўпэўнена, што справа не толькі ў адсутнасці ўступных экзаменаў. Прафесіі, якія асвойваюцца ў нашым вучылішчы — закройшчык, кравец шырокага профілю, швачка-вышывальшчыца, фатограф,— даюць добры заробак, а з гэтым у немалой ступені звязана іх прэстыжнасць. Сённяшняя моладзь больш прагматычна ставіцца да сваёй будучыні, чым гэта рабілі ў такім узросце нашы бацькі, якія імкнуліся атрымаць вышэйшую адукацыю незалежна ад яе матэрыяльных стымулаў. Да таго ж, калі жанчына добрая майстрыха, для сям'і гэта справа далёка не апошняя.
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Мы закранулі надзвычай важную праблему. Дзяўчына паступае на вучобу, і навучальная ўстанова імкнецца перш за ўсё даць ёй трывалую прафесійную падрыхтоўку. Але ж другая прафесія кожнай жанчыны,— а мабыць і першая,— сямейная, мацярынская роля. Ці можна рыхтаваць да гэтага? I як?
А. С. ГОЛУБ: — А цяпер нават у школе вывучаюць этыку і псіхалогію сямейнага жыцця. Есць такі курс і ў нас. Але тэорыя, нават самая прывабная і дасканалая, усё ж далёка не заўсёды належным чынам увасабляецца ў жыццё. Не прэтэндуючы на адкрыццё нейкіх ісцін, хачу выказаць сваю думку адносна таго, як спалучыць прафесійную падрыхтоўку будучага спецыяліста з яго маральным выхаваннем. Не трэба адасабляць адно ад другога.
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Толькі і ўсяго? Ці не занадта просты рэцэпт вы прапануеце, Антаніна Сяргееўна? Цікава, як жа з ягонай дапамогай удаецца вырашаць справы ў вашым вучылішчы?
А. С. ГОЛУБ: — Калі ласка, раскажу. Праз тры месяцы пасля пачатку заняткаў, у час якіх тэорыя тут жа замацоўваецца практыкай, першакурсніца атрымлівае магчымасць пашыць выраб ад пачатку да канца. Гэта не гульня «ў работу», калі сукенка трапляе некуды на паліцу ў якасці навучальнага дапаможніка. Пры вучылішчы працуе ўласнае атэлье, дзе кожны, хто пажадае, можа зрабіць заказ на індывідуальны пашыў любой рэчы — паліто, касцюма, сукенкі... I, нягледзячы на 30-працэнтную скідку ў аплаце (напрыклад, халат ці сукенку тут можна пашыць за 10—12 рублёў), якасць вырабаў, як правіла, нараканняў не выклікае. Кліентаў у нас не меней, чым у першакласным атэлье.
У чым жа справа? Думаецца, не толькі ў тым, што дзяўчына атрымлівае адчувальную прыбаўку да стыпендыі. На этыкетцы з фірменным знакам ПТВ пазначана і прозвішча выканаўцы гатовага вырабу — незалежна ад таго, індывідуальны гэта заказ ці адзін са шматлікіх вырабаў так званай «масоўкі», якая ідзе ў продаж.
У суседнім магазіне гатовага адзення вучылішча мае ўласную секцыю. Прадаюцца нашы вырабы і ў ЦэнтраЛьным універмагу — больш як на сто тысяч рублёў у год! I, ведаеце, дзяўчаты адна за адной бегаюць у ЦУМ глядзець, як ідзе продаж. Толькі і чуваць: «Тваё ўжо купілі? А маё яшчэ вісіць»... Хіба ж гэта не выхаваўчая работа — вось такое фарміраванне пачуцця адказнасці за сваю работу, зацікаўленасці ў яе выніках, падмацаванай пэўнымі матэрыяльнымі стымуламі?
Яшчэ адна істотная падрабязнасць: мы даём кожнай навучэнцы льготныя ўмовы для таго, каб перш за ўсё пашыць адзенне сабе і сваім блізкім. Лічым, што гэта — найлепшая практыка, якая прывучыць дзяўчат шыць для ўсіх, як для сябе. Інакш хіба дасягнулі б мы такога аб'ёму вытворчасці — на трэць мільёна рублёў у год!
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Пэўна, калі ў вас так ідуць справы, вучылішчу няблага было б займець і ўласны магазін?
А. С. ГОЛУБ: — А мы пра гэта даўно вядзём гаворку. Але толькі ў сценах вучылішча. Выносіць «на вярхі» баімся: задушаць планам. Думаеце, у нас перш за ўсё патрабуюць звесткі аб стане навучальна-выхаваўчай работы? Не, аб выкананні вытворчага плана! Так, штоквартальна вучылішчу «спускаюць» план па аб'ёму вытворчасці: індпашыў — на сем тысяч рублёў, тавары шырокага ўжытку — ажно на восемдзесят тысяч... А мы ж перш за ўсё вучыць павінны. Вось дзяўчынка рукаў няправільна ўшыла, трэба перарабіць. Але ж на кожны выраб даецца абмежаваны час, калі «гоніш план». I вось вынік: «гарыць» план — кідаем шыць дванаццаці-рублёвыя халаты, пераходзім на паліто за 120 рублёў... Вось вам і выхаваўчая работа: міжволі культывуем вірус той хваробы, ад якой пакутуе ўся наша лёгкая прамысловасць, дый ці толькі яна адна?
Тым не менш, нягледзячы ні на што, гнём сваю лінію — стараемся выпускаць вырабы малымі серыямі, па 30—60 адзінак, бо якая жанчына хоча ўбачыць на іншай тое, што носіць сама? I абуджаем у сваіх выхаванак імкненне фантазіраваць, вынаходзіць. Раней працавалі па чужых узорах, плацілі «Белбыттэхпраекту» немалыя грошы за лякалы, а цяпер робім свае. У нас створан студэнцкі Тэатр моды, ёсць свае манекеншчыцы і канструктары-мадэльеры. Дарэчы, вось яшчэ адна праблема: чаму б не даць вучылішчу магчымасць самастойна вырашаць пытанне аб кваліфікацыйнай атэстацыі выпускнікоў? Бо ў кожнага свае прафесійныя схільнасці, сваё майстэрства і, я сказала б, свой талент. Але ж недзе запісана: ПТВ рыхтуе спецыялістаў па рабочых прафесіях. У чым жа, скажыце, высокакваліфікаваная закройшчыца, здольная сесці за машынку і пашыць адзенне па ўласнай распрацоўцы, саступае канструктару-мадэльеру з тэхнікумаўскім дыпломам, які не можа ўвасобіць у гатовым вырабе сваё вынаходства? I хто з іх сёння больш патрэбен нашай «службе добрага настрою», якая, на жаль, далёка не заўсёды радуе нашых жанчын?..
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — А як вы дбаеце пра быт навучэнак, пра лёс выпускніц? Ці, можа, з вачэй далоў — з сэрца прэч?..
А. С. ГОЛУБ: — Бытавыя ўмовы — гэта, бадай, самае цяжкае, з чым сутыкаемся. Адзіны інтэрнат, пабудаваны амаль трыццаць гадоў назад, не мае самага неабходнага — ад сучасна абсталяваных пакояў гігіены да звычайных жылых памяшканняў, дзе можна размясціцца з элементарным камфортам. Студэнцкія інтэрнаты не разлічаны на сямейных. А гэта ж сёння не рэдкасць — студэнцкая сям'я. Ёсць і маці-адзіночкі. I не ўшчуваць такіх трэба, а дапамагаць ім. Як важна, каб гэта зразумелі ўсе, хто мае справу з праблемамі такога роду... А з выпускніцамі сувязі не губляем, нават запрашэнні на вяселле атрымліваем.
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Антаніна Сяргееўна, пра ваша вучылішча без вялікай памылкі можна сказаць, што тут — адны дзяўчаты. I якім бы высокім ні было прафесійнае майстэрства выпускніц, усё ж ім не менш важна мець такія чыста чалавечыя, жаночыя якасці, як дабрыня, спагадлівасць, міласэрнасць...
А. С. ГОЛУБ: — А тая аб'ява пра збор адзення для малазабяспечаных грамадзян? У нашым горадзе створан Цэнтр міласэрнасці — думаю, калі не першы, дык адзін з першых у рэспубліцы. Наша вучылішча прымае ў яго дзейнасці самы актыўны ўдзел. Дзяўчаты дапамагаюць старым, адзінокім людзям — у нас ёсць пэўныя прозвішчы, пэўныя адрасы. Кожная навучэнка ў час вытворчай практыкі за кошт свайго вольнага часу пашыла камплект пасцельнай бялізны для мясцовага Дома дзіцяці. Усё гэта не якіясьці афіцыйныя мерапрыемствы, памечаныя ў плане выхаваўчай работы. Гэта ініцыятыва, падказаная сумленнем, падказаная сэрцам. I хочацца верыць, што зярняты міласэрнасці і дабрыні, якія прарастаюць — мабыць, і з нашай дапамогай,— у душах выхаванак вучылішча, дадуць трывалыя ўсходы.
«РАБОТНІЦА I СЯЛЯНКА»: — Поспехаў вам у гэтай высакароднай і надзвычай неабходнай справе! Дзякуем за шчырую размову.

- Гэтыя дзяўчаты асвойваюць прафесію вышывальшчыцы.
- А гэта іхняя творчасць.


УГАРУ ІСЦІ ЦЯЖКА

Трывожны сігнал «хуткай дапамогі» прымушаў спыняцца прахожых: рэдка калі пачуеш яго ў аддаленай вёсцы. Машына трымала кірунак да фермы.
У той дзень у бітонах прывезлі адгон. Люда Дудкоўская ўзялася дапамагаць шафёру выгружаць яго з машыны. Спрытна скочвала на зямлю бітоны. Адзін, другі, трэці... I раптам, пахіснуўшыся, паляцела ўслед за імі.
...Бальніца. Потым далечванне дома.
— Больш на ферму не ідзі,— адгаворвалі яе,— цяжкая работа.
Шчыра кажучы, і сама Люда пабойвалася. Магчыма, неяк і паспрабавала б змяніць прафесію, але на той час у калгасе «Нёман» пабудавалі новую свінаферму, трэба было адладжваць тэхналагічны працэс. Члены праўлення калгаса вырашылі даручыць гэту справу Людміле Дудкоўскай.
Два гады мінула, ферма стала адной з лепшых у раёне. Здавалася, працуй ды радуйся. Але па дарозе на работу яна часцяком заглядала на малочнатаварную ферму «Рымкі», і кожны раз шчымела сэрца. Не ладзіліся там справы. За год ад каровы надойвалі не больш як дзве тысячы кілаграмаў малака. Парушэнні тэхналогіі вытворчасці, дрэнная дысцыпліна. Не вытрымала Людміла Мікалаеўна і на партыйным сходзе выказала ўсё, што набалела.
— Павучаць кожны можа,— пачула чыйсьці голас.— А ты сама паспрабуй наладзіць!
— Калі даручаць — не адмоўлюся,— запальчыва адказала Дудкоўская.
Сказала і схамянулася. Але ж слова не верабей, выпусціш — не зловіш.
Дома навіну сустрэлі па-рознаму: бацька — патомны хлебароб — ухваліў, а муж — ветэрынарны ўрач — сказаў:
— Зноў будзеш прападаць ад рання да вечара на ферме.— Але, зірнуўшы на заклапочаны твар жонкі, дадаў: — Нічога, я дапамагу. Ды і ў цябе і вопыт ёсць, і веды.
Першы дзень на малочнатаварнай ферме Людміла Мікалаеўна ўвесь час была з даглядчыкамі жывёлы. Яны едуць па кармы — і загадчыца з імі. Даглядчыкі раскладваюць фураж у кармушкі — і яна побач.
— Навошта такая апека? — пакрыўдзіўся нехта.
— Мала корму даяце жывёле,— заўважыла Дудкоўская.
— Заўсёды так кармілі.
— А цяпер будзе не так. Давайце яшчэ прывязём сена.
Не хацелася даглядчыкам выконваць загад, бо пазіралі на гадзіннік: ці скора дадому пойдуць? Усё адно больш як 80 рублёў у месяц не заробіш.
— Зробім так, каб і вы атрымлівалі зарплату ад колькасці надоенага малака,— паабяцала новая загадчыца.
Яна разумела: кантроль — гэта яшчэ не ўсё. Трэба як след адладзіць тэхналогію, пра быт людзей падумаць.
Гэта цяпер на ўвесь голас загаварылі пра сацкультбыт, а тады, акрамя як пра малако ды мяса, і гаворкі не вялі.
...Раніцай пайшла да старшыні калгаса. Старшыня сустрэў прыхільнай усмешкай:
— Добра працуеце! Калі так і далей пойдуць справы, усе рэкорды паб'яце.
— Кінаўстаноўку нам трэба на ферму,— сказала Дудкоўская.
Усяго чакаў старшыня. Чакаў, што загадчыца будзе прасіць, каб павялічылі рацыён жывёле, каб больш сродкаў выдзелілі на прэміраванне людзей, а тут — кіно ім захацелася!
— А што, давайце зробім! Толькі не адно кіно.
Перш за ўсё абсталявалі чырвоны куток. У ім паявіліся чайны сервіз, газеты, тэлевізар. У хуткім часе былі гатовы душавая, раздзявалка, утульны бытавы пакой.
...Аднойчы, сабраўшыся за самаварам, жывёлаводы дзяліліся навінамі прайшоўшага дня. I тут Дудкоўская абвясціла:
— А цяпер паглядзім кіно.
Ажывіліся даяркі. На ферме кіно! Нават у клуб не трэба ісці. Апусціўся экран, загучала музыка. Спачатку, як і ў кінатэатры, паказвалі кіначасопіс пра тое, як укараняецца на фермах нашай рэспублікі калектыўны падрад. Жывёлаводы зацікавіліся, нават мастацкі фільм не выклікаў столькі размоў. Недарма Людміла Мікалаеўна сама з'ездзіла ў раён, сама падабрала кіначасопіс. Бо і сама думала, ці не варта ім перайсці на падрад. Адна справа — агітаваць людзей за яго, зусім іншая — паглядзець, як прыжываецца гэтая форма арганізацыі працы на іншых фермах. Доўга абмяркоўвалі жывёлаводы ўбачанае, але ўрэшце за падрад прагаласавалі ўсе.
Мінуў год. З укараненнем падраду па-іншаму пайшлі справы. Не трэба было двойчы напамінаць камусьці пра ягоныя абавязкі. Праўда, былі яшчэ і «забыўлівыя», але ім таварышы па працы тут жа напаміналі, што трэба зрабіць.
Хто раней звяртаў увагу на рассыпаны корм, несвоечасовую дастаўку? Ды што гаварыць, былі і нячыстыя на руку. Пры падрадзе такія выпадкі адразу разбіраліся на савеце брыгады, аматарам пажывіцца за кошт калгаснага дабра давялося трымаць адказ перад усім калектывам. Варта было каму захварэць ці адлучыцца на хвілінку, як на яго месца тут жа становіцца таварыш. Жывёлаводы сталі дбаць не толькі пра павелічэнне надояў малака, але і пра якасць, і пра зніжэнне затрат на яго вытворчасць. Цяпер не спішаш на ферму, як было раней, гнілы сілас ці сянаж. Гэта добра ўсвядомілі работнікі раслінаводчага цэха. Пераканаліся: дрэнны корм жывёлаводы не возьмуць. Перасталі прасіць, каб дапамаглі пры дробным рамонце або разгрузцы камбікорму. Абыходзяцца сваімі сіламі.
Загадчыцай малочнатаварнай фермы Дудкоўская пачала працаваць сем гадоў назад. Тады каровы давалі каля 1900 кілаграмаў малака за год. А летась — 4118. Людзі сталі зарабляць куды больш. Той жа даглядчык штомесячна атрымлівае ўжо не 80 рублёў, а 200, заробак даяркі перавышае 300 рублёў.
Паступова пераконваліся жывёлаводы, што падрад — не даніна модзе. Чым большай вышыні дасягаеш, тым большыя перад табой адкрываюцца далягляды. Так, поспехі на ферме відавочныя, але і праблем хапае. I адна з самых балючых — кім замяніць даярку, калі тая ідзе на пенсію? Не кожнай даверыш высакаўдойных кароў. Працавала на ферме майстаржывёлавод першага класа Аляксандра Міхайлаўна Пазняк. Выйшла на пенсію, але работу не кінула. За доўгія гады многіх маладых даярак навучыла яна прафесіянальнаму майстэрству. Нечакана захварэла Аляксандра Міхайлаўна, і аказалася, што вярнуцца не ферму ўжо не зможа.
Вось і задумалася Дудкоўская: каго ўзяць на месца ветэрана? Успомніла, што да Аляксандры Міхайлаўны яшчэ школьніцай часта наведвалася пляменніца Алена, памагала даіць і даглядаць кароў. Загадчыца не раз назірала, як увішна яна працуе.
«Алена закончыла школу. Трэба пагаварыць з ёй»,— падумала Дудкоўская.
Перш чым Алена прыйшла на ферму, Дудкоўская папрасіла вопытных Васіліну Канстанцінаўну Рымко, Алу Аляксандраўну Шостак і Ганну Аляксандраўну Рымко на першых кроках дапамагчы маладой даярцы.
Неназойліва, тактоўна дапамагалі Алене жанчыны. А вынікі? Мяркуйце самі. Летась Алена надаіла ад кожнай каровы па 4325 кілаграмаў малака.
...Скончылася вячэрняя дойка. Даяркі пайшлі дадому, а Людміла Мікалаеўна яшчэ нейкі час праглядала журнал уліку надояў, рабіла паметкі. Надаіць па 4118 кілаграмаў малака ад каровы нядрэнна, але час думаць і аб 4500 кілаграмах. А ўгару ісці цяжка...
Думкі перарваў тэлефонны званок.
— Добры вечар, мама,— пачула яна голас сына. Юрый працуе загадчыкам суседняй малочнатаварнай фермы «Яселевічы».
— Добры, сынок! А табе чаму не спіцца?
— Нешта апошнім часам пачалі зніжацца надоі.
— Я ж табе гаварыла ўзяць аналіз сенажу. Падазраю, што ён кіслы...
Паклаўшы трубку, Людміла Мікалаеўна працягвала гартаць журнал. Але не ён цікавіў яе. Хвалявалася за сына. Юрый нядаўна ўзначаліў калектыў фермы. Летась там на карову атрымалі па 3120 кілаграмаў малака. I вось зніжэнне. Ужо не раз гаварыла з сынам, як лепш арганізаваць справу, але хіба ўсё прадугледзіш?
«Заўтра трэба будзе паехаць туды і паглядзець усё самой,— падумала Людміла Мікалаеўна,— а пасля няхай прыедзе са сваімі жывёлаводамі на нашу ферму»...
К. КЛЯБАН.
Калгас «Нёман», Шчучынскі раён.

Фота С. ЯХІМЧЫКА.
- Людміла Мікалаеўна ДУДКОЎСКАЯ.


страница следующая ->


Copyright MyCorp © 2024
Конструктор сайтов - uCoz