каморка папыВлада
журнал Работнiца i сялянка 1989-09 текст-5
Меню сайта

Поиск

Статистика

Друзья

· RSS 21.04.2019, 03:35

скачать журнал

<- предыдущая страница следующая ->

РАДЗІНЫ — СВЯТА НАРОДНАЕ

Кожны дзень у Беларусі нараджаецца некалькі соцень дзяцей. Пройдуць першыя, самыя турботныя дні, тыдні, немаўлятка падрасце, і сям'я пачынае думаць, як адсвяткаваць радзіны. Прызнайцеся шчыра: на сучасных радзінах, асабліва ў горадзе, няма нічога асаблівага, што можна было б успомніць... А было ж у беларускага народа вясё-лае, шчырае, адметнае свята з нагоды нараджэння дзіцяці — радзіны (хрэсьбіны, хрысціны, ксціны). Гэтае багацце мы памалу пагублялі на жыццёвых шляхахдарогах, як згубілі іншыя звычаі і абрады, маральныя нормы і родную мову.
Сёння паціху тое-сёе з чыстых народных крыніц вяртаецца ў наша жыццё, каб узбагаціць яго духоўна. Думаю, што з цягам часу вернуцца і нашы прыгожыя звычаі і абрады, і ўжо не пераблытаем мы радзіны з Днём геолага. А пакуль што хачу пазнаёміць паважаных чытачоў з традыцыйнымі радзінамі, якія святкаваліся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў кожнай беларускай сям'і.
Нарадзілася дзіця... Бабка-павітуха завіхаецца не горш за сучасную акушэрку. Дзіцёнка купаюць у настоі духмяных зёлак, у ваду кідаюць срэбную манету і некалькі жытнёвых зярнятак, каб яно было багатае і шчаслівае. Дзяўчынцы дабаўляюць яшчэ крышачку малака, каб была белатварая і прыгожая. А вось у гатаванай вадзе на Беларусі дзяцей не купалі, бо верылі, што яны ад гэтага будуць злымі і крыклівымі. Пра людзей з такімі рысамі характару гаварылі: «Ён у гарачай вадзе купаны». Ваду пасля першага купання нельга было пакідаць на ноч у хаце, бо лічылася, што ад гэтага з дзіцем здарыцца няшчасце. Ваду вылівалі ў ціхім месцы, дзе не хадзілі людзі і жывёла, часцей пад фруктовае дрэва. На Палессі, калі купалі дзяўчынку, ваду вылівалі на ганак, каб яна, калі вырасце, хутчэй выйшла замуж. Выкупанае дзіцятка загортвалі ў чыстую бялізну бацькоў, каб яно любіла сваю сям'ю. Часам жартам, а часам усур'ёз вопытная павітуха завінала хлопчыка ў жаночую сарочку, каб яго кахалі дзяўчаты, а дзяўчынку — у мужчынскую, каб кахалі хлопцы.
Першае ўкладванне ў калыску таксама суправаджалася рознымі магічнымі дзеяннямі. Каб адагнаць ад дзіцяці злыя сілы, у калыску клалі вугольчык, хлеб, соль, жалезны прадмет. Некаторым сёння могуць падацца ўсе гэтыя абрадавыя дзеянні смешнымі і недарэчнымі. Але пачакайце асуджаць. Радзінныя звычаі і абрады былі неад'емнай часткай народнага жыцця, культуры, маралі, філасофіі. А якія асноўныя каштоўнасці былі ў беларускага селяніна, на што ён арыентаваўся? Жыць у суладдзі з навакольным асяроддзем, з людзьмі, мець хлеб, дабрабыт у хаце, здароўе сабе і сваім дзецям, каб яны выраслі працавітыя, прыгожыя, у час узялі шлюб.
Хоць нараджэнне дзіцяці было даволі частай і звыклай з'явай у дарэвалюцыйнай сялянскай сям'і, усё ж на некаторы час гэта падзея парушала звыклы ўклад жыцця, гаспадыня не магла некалькі дзён выконваць звычайную хатнюю працу. I тут на дапамогу прыходзіла бабка-павітуха: яна купала дзіця, гатавала ежу, прыглядала за іншымі дзецьмі парадзіхі, выконвала ўсю хатнюю жаночую работу. Ежу павітуха несла ў гаршках, і ўсе навокал гаварылі: «Баба ідзе з гаршкамі», што азначала: «Павітуха ідзе адведаць парадзіху». Акрамя таго, парадзіху ў першыя дні пасля родаў наведвалі суседкі, сваячкі, сяброўкі. У гэтым звычаі, як, дарэчы, і ў іншых, усё падпарадкавана галоўнай мэце: дапамагчы парадзісе і яе сям'і ў першыя дні і не пакінуць без увагі сам факт нараджэння дзіцяці. Каб не стамляць парадзіху і не прыносіць адразу шмат ежы, ішлі ў адведкі па 2—3 жанчыны. Прынесеныя харчы аддавалі з разнастайнымі пажаданнямі: «З'еш, каб заклалася месца ў жываце», «Што выйшла з радзільніцы, тое каб папоўнілася» і г. д. Парадзісе прыносілі яечню, розныя блінцы, хрушчыкі, каржы, мёд, тварог са смятанай, каўбасу, якую-небудзь кашу, абавязкова гарачую страву — суп, боршч, а з салодкага — адвар сушаных чарніц, яблыкаў, груш, сліў з мёдам. У час адведак жанчыны падтрымлівалі парадзіху, успаміналі разнастайныя выпадкі са свайго жаночага жыцця, але на нованароджа-нага імкнуліся не звяртаць увагі, «каб не сурочыць». Дзіця ахоўвала павітуха, якая неадлучна пры ім знаходзілася. Прысутнасць мужчын тут, за выключэннем мужа парадзіхі, асуджалася і высмейвалася. Пра мужчыну, які выпадкова трапіў у хату парадзіхі пад час адведак, казалі: «Ён пуп аблізаў».
Калі парадзіха папраўлялася, сям'я пачынала рыхтавацца да радзін, якія найчасцей адзначаліся ў дзень царкоўнага хрышчэння дзіцяці. У той час, як кумы ад'язджалі ў царкву, старэйшая дачка гаспадароў хадзіла па вёсцы і запрашала ў госці: «Прасілі татка і мамка, і я прашу на хрэсьбіны». Без запрашэння на гэту ўрачыстасць ніхто не ішоў. На хрэсьбінах здараліся жарты і выказванні фрывольнага характару, таму халастыя хлопцы і незамужнія дзяўчаты сюды не прыходзілі. На хрэсьбіны жанчыны неслі харчы і падарункі, мужчыны — грошы. Паступова ўсе запрошаныя збіраліся ў хату, куды к гэтаму часу вярталіся кумы з дзіцем. Аддаючы дзіця бацькам, зычылі ім: «Дай жа божа тваму сыну (дачцэ) стаяць так пад вянцом, як пад хрэстом». На Віцебшчыне кумы перадавалі дзіця бацьку, які на некалькі хвілін клаў яго на ганак, каб далучыць да роднага дому. За сталом самыя ганаровыя месцы належалі кумам і павітусе. Кумы за святочным сталом жартавалі, смяяліся, каб дзіця, калі вырасце, было гаваркое і прыветнае. Спецыяльнай абрадавай стравай на хрэсьбінах была бабіна каша. Яе варыла баба-павітуха з грэцкіх, ячных, прасяных ці іншых круп з маслам, малаком, цукрам. На Палессі кашу ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі, каснікамі, цукеркамі.
У некаторых раёнах Беларусі «бабінай кашай» была яечня, упрыгожаная абаранкамі.
Дзялілі абрадавую страву звычайна ў канцы хрэсьбін. А пакуль святкаванне ішло сваім парадкам: песні змяняліся скокамі, скокі — абрадавымі гульнямі. Песні на радзінах, таксама, як і на традыцыйным беларускім вяселлі, тлумачылі абрадавыя дзеянні ці папярэднічалі ім.
Здаралася, у разгар святкавання ў хату заходзіў чалавек, апрануты «буслам» (на ім вывернуты кажух, рукавы звязаны над галавой). «Бусел» віншаваў бацькоў немаўляці, абяцаў прыносіць ім дзяцей штогод: «Калі будзеце прасіць, дык буду насіць, насіць і насіць».
Вялікае значэнне меў абмен падарункамі. Дарылі ручнікі, наміткі, палатно, хлеб. Часта павітуха, атрымаўшы падарункі ад парадзіхі, рабіла магічныя дзеянні, якія павінны былі даць дзіцяці шчасце, здароўе, багацце, прынесці дабрабыт і багацце ў хату яго бацькоў. Бабка, накрыўшыся падарункам, залазіла на лаву і тры разы падскоквала, гаворачы: «Каб мой унучак вялікі рос, шчасліў быў! Каб на яго долю паслаў бог усяго ўволю» або: «На палу рабяткі, пад палом ягняткі, у хляве парасяткі!»
У нашы дні ў Беларусі, асабліва ў яе сталіцы, адраджаюцца разнастайныя народныя святы і абрады: «Гуканне вясны», «Купалле», «Каляды», «Дзяды». Ёсць надзея, што і традыцыйныя радзіны з цягам часу зоймуць адпаведнае месца ў нашым жыцці. Трэба толькі самім брацца за справу, не спадзявацца на нейкія інстанцыі. Бо яны ніяк не могуць давесці да ладу нават афіцыйны абрад рэгістрацыі нованароджаных у дзяржаўных установах. Колькі ўжо сродкаў і сіл патрачана на ўкараненне гэтай «урачыстасці», а яна ніяк не прыжываецца.
Матэрыялы этнасацыялагічнага даследавання, праведзенага ў гарадах і вёсках Беларусі, сведчаць, што толькі 3—4 працэнты апытаных удзельнічалі ў абрадзе радзін. Ёсць таму шмат прычын: непрыстасаванасць памяшканняў загсаў і сельскіх Саветаў для гэтай падзеі, стан здароўя маці і дзіцяці, нежаданне бацькоў. Але галоўнае, што сам абрад мёртванароджаны, адарваны ад родных каранёў. Прывёз нехта ў 70-я гады рускамоўны сцэнарый урачыстай рэгістрацыі нованароджаных з ленінградскага Дома ўрачыстасцей «Малютка», і аж да сённяшняга дня вандруе ён з рознымі варыяцыямі па гарадах і вёсках Беларусі. Спробы некаторых культработнікаў удасканаліць яго прыводзяць іншы раз да кур'ёзаў: некалькі гадоў назад Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр выдаў распрацоўку, дзе раілася ўручаць бацькам нованароджанага бутэльку спіртнога з просьбай захаваць яе да будучага вяселля іхняга сына ці дачкі.
А ці не лепей было б звярнуцца да жывых народных крыніц, да лепшых узораў традыцыйнай абраднасці?
Т. КУХАРОНАК, кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.


ЖЫВЕ Ў ВЁСЦЫ ЎДАВА

Пасярод вёскі Лапацічы Слаўгарадскага раёна стаіць помнік воінам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У вёсцы засталіся іхнія ўдовы.
Цераз вуліцу ад помніка жыве 88-гадовая Аўдоцця Васільеўна Галубцова. Убогая хата пакасілася, саламяны дах накрыты руберойдам, але і гэта не ратуе — калі на вуліцы дождж, дах цячэ. Гаспадыня папярэджвае: «Асцярожна хадзіце па падлозе, гнілыя дошкі могуць праваліцца!» Падлогу ладзіў яшчэ яе муж...
У такіх жа ўмовах жыве Марфа Мінаўна Лявонава. Цячэ дах, разбураецца печ. Каб назапасіць дровы на зіму, трэба дзвесце рублёў. На жыццё амаль нічога не застаецца з мізэрнай пенсіі.
На тэрыторыі Лапаціцкага сельсавета два дзесяткі такіх вось удовіных хацін. Ніхто не звяртае ўвагі ні на разваленыя хаты, ні на старэнькіх гаспадынь.
А тут жа ёсць два саўгасы, працуе сярэдняя школа з камсамольскай і піянерскай арганізацыямі. Але саўгасы перайшлі на гаспадарчы разлік, удовіны «рахункі» не ўваходзяць у іхнюю «бухгалтэрыю». Таксама, як не ўвайшлі яны ў планы работы піянераў і камсамольцаў.
А патрэбна ж няшмат: адрамантаваць хату, дапамагчы нарыхтаваць дровы на зіму, даставіць прадукты, лекі адзінокім жанчынам.
Як робяць гэта, напрыклад, у вёсцы Рудок Іванаўскага раёна. Удоў, інвалідаў, адзінокіх старых людзей узялі на абслугоўванне работнікі сельскага магазіна. Бяруць у іх заказы, і калі ў сельмагу няма патрэбнага тавару, завозяць з райцэнтра. У саўгасе «Малое Мажэйкава» Лідскага раёна, ведаючы, як цяжка бывае старым людзям зімою, адкрылі для іх на гэты час пансіянат. Гэта не «казённы дом», сюды можна ўзяць свой посуд, саленні і варэнні, нават мэблю, калі не хочацца расставацца з прывычным ложкам.
На З'ездзе народных дэпутатаў СССР было вырашана павысіць мінімальныя размеры пенсій. Ксенія Андрэеўна Сіўчык з вёскі Зані Мядзельскага раёна ўсё жыццё працавала ў калгасе і заслужыла пенсію — спачатку восем, потым дванаццаць, потым дваццаць чатыры рублі. I толькі нядаўна ёй назначылі ажно пяцьдзесят рублёў! Як яна іх выдаткоўвае? Ксенія Андрэеўна ў апошні месяц дзесятку аддала электрыку — паправіў праводку, яшчэ дзесятку — двум хлопцам за тое, што спілавалі зламаную бярозу, якая ледзь не ўпала на яе хату. Сем рублёў на лекі, рэшта — меншая палавіна пенсіі — пайшла на харчы і адзежу. Чым харчуецца? Хлебам ды бульбай...
Зараз у рэспубліцы прынята праграма «Клопат», яна ўключае комплекс мерапрыемстваў па аказанню паслуг ветэранам, адзінокім старым людзям. Ужо ёсць больш як сто аддзяленняў сацыяльнай дапамогі, яны абслугоўваюць звыш дзесяці тысяч адзінокіх пенсіянераў — гэта амаль палова тых, хто мае патрэбу ў такой дапамозе. Работнікі аддзелаў сацыяльнай дапамогі двойчы на тыдні прыходзяць да сваіх падапечных, прыносяць прадукты, прыбіраюць у хаце, гатуюць ежу, калі трэба.
Большасць удоў і састарэлых жывуць у сельскай мясцовасці. А там клопатаў значна больш. Самы вялікі — апрацоўка прысядзібнага ўчастка, без якога пры цяперашніх памерах пенсіі не пражыць. А нарыхтоўка дроў? Даўгамерныя ствалы дрэў трэба распілаваць, пасекчы, скласці дровы — адзінокім жанчынам гэта не пад сілу. Чым тут дапаможа работнік сацыяльнага забеспячэння? Амаль усе тыя работнікі — жанчыны. Калі наладжаны добры кантакт з сельсаветам — неяк можна будзе што зрабіць. Бывае, адказваюць супрацоўніцам сацыяльнага забеспячэння: вам плацяць, вы і пілуйце. А ў іх па пяць візітаў на дзень, плацяць жа 90—100 рублёў.
Думаю, адной дзяржаўнай службе тут не справіцца. Патрэбна дабрачыннасць, пра якую мы зараз шмат гаворым, ды і проста чалавечыя адносіны да ўдоў, састарэлых людзей. Пакуль у некаторых вёсках прыжылася так званая суседская дапамога: тым, хто ўзяў шэфства над старымі, выплачваюць 8—10 рублёў за дапамогу аднаму чалавеку. Выплачваюць са сродкаў гаспадаркі. Але, думаю, гаспадаркі могуць знайсці сродкі і на рамонт удовіных хат, і на нарыхтоўку дроў. Калі не будуць адносіцца да састарэлых аднавяскоўцаў па «астаткаваму прынцыпу».
...У святочныя дні ўдзячныя нашчадкі ўскладаюць кветкі да абеліскаў і помнікаў на брацкіх магілах. Прыходзяць да помнікаў удовы: Аўдоцця Васільеўна Галубцова, Марфа Мінаўна Лявонава, іншыя жанчыны, чые мужы аддалі свае маладыя жыцці ў барацьбе з ворагам. А калі змоўкнуць урачыстыя прамовы і піянерскія салюты, жанчыны вяртаюцца дамоў — у свае паўразбураныя халодныя хаты...
Не ведаю, ці апускаюць вочы аднавяскоўцы, калі праходзяць ля гэтых хацін. Калі атрымліваюць у бухгалтэрыі калгаса дзесятку за тое, што прынеслі старэнькай суседцы вядро вады з калодзежа ці бохан хлеба...
Адзін чалавек, расказваючы пра сваё жыццё, зазначыў, што плаціць даўгі і дае ў доўг. Плаціць — старым, якія выгадавалі і выхавалі яго. А мы, як здаецца, не хочам прызнаваць «вэксалі» састарэлых удоў. Але гуманнасць, чалавечнасць грамадства вымяраецца адносінамі да састарэлых людзей. Дык што ж з намі сталася?
Н. НЕВІДОМАЯ.
Фота А. КЛІМАНСКАГА.


СПРАВЫ СЯМЕЙНЫЯ

СВЯКРОЎКІ I ЦЕШЧЫ

Есць такая кніга для маладых мужа і жонкі — «Мы і наша сям'я». Напісалі яе пісьменнікі, педагогі, медыкі, журналісты. Прапануем увазе чытачоў урывак з нарыса Т. Афанасьевай «Сямейныя партрэты», змешчанага ў гэтай кнізе.
Гавораць, у Грузіі не было праблемы «свякроў — нявестка». Там мужчына, калі прыводзіў у дом маладую жонку, суправаджаў яе паяўленне такімі словамі. Маці ён казаў: «Вось мая жонка. Я выбраў яе. I калі ты любіш мяне, дык прымеш яе як дачку. Але калі ты пакрыўдзіш яе, ты мне не маці». А жонцы ён гаварыў: «Вось мая маці. Я люблю яе, і ты будзь ёй дачкой. Але калі ты пакрыўдзіш яе, ты мне не жонка». (Перадаю змест сказанага, а не дакладны тэкст.) I ўсё станавілася на свае месцы...
Самае цікавае: не кожнаму мужчыну і не заўсёды падабаюцца ідылічныя адносіны паміж дзвюма жанчынамі. Некаторым, маральна не вельмі ўстойлівым, бывае нават выгадна супрацьстаянне маці і жонкі: кожная імкнецца яго задобрыць, выконваць капрызы, патурае яго слабасцям. Некаторыя маці нават гарэлкай гатовы прывабіць сваё дзіця. А калі жанчыны аб'ядноўваюцца, дык часта бяруць яго ў педагагічныя ціскі і імкнуцца ўдасканаліць, зрабіць высакародным.
Так што, для маральнага і фізічнага здароўя якраз вельмі карысная дружба паміж свякроўкай і нявесткай. Ды і ва ўсім доме паветра мяняецца, калі ў гаспадынь на твары прыязнасць, весялосць, усмешка. Для дзяцей-унукаў добрая згода паміж маці і бабуляй, што сонечнае святло, «біястымулятар росту душы». Іх сэрцы мінае цень саперніцтва, не астудзіць, не абмарозіць халоднасць адносін паміж самымі любімымі людзьмі.
Кожная нявестка, напэўна, за шчасце палічыла б мець свякроўку — дарадчыцу, памочніцу. Кожная?..
У дзвюх жанчын агульная свякроўка. Адносіны ў іх да маці зусім розныя. Адна як увайшла насупленая, так і пайшла, не прыняўшы працягнутай рукі, добрай дапамогі, спачування. Маладая, неспрактыкаваная, чамусьці аддалілася ад родзічаў мужа, хоць ні гаспадарку весці, ні гатаваць не ўмела і не хацела. Пры сварцы, якая ледзь не скончылася разводам, свякроў памірыла ўпартую маладую жонку з мужам, схавала непрыемныя ўчынкі яе ад роднай маці. Але ўсё не на лад, усё марна. Пайшла жанчына з сям'і, цяпер вінаваціць ва ўсім мужаву радню. А ў другой нявесткі са свякроўкай мір і лад.
У чым справа? Магчыма, тыя адносіны свякрухі, якія здаваліся добрымі адной нявестцы, былі нядобрымі для другой? Магчыма, адну і тую ж заўвагу адна ўспрымае як карысную, добрую параду, а другая — як умяшанне ва ўнутраныя справы? А магчыма, уся справа ў тым, што ў адной проста не было кахання да свайго мужа, а адпаведна і да яго радні? Нялёгка разабрацца ў чужых учынках, калі не ведаеш, з якімі менавіта думкамі і мэтамі яны робяцца.
На мой погляд, вельмі карысна ў такіх выпадках узяць за прынцып так званую ў юрыстаў «прэзумпцыю невінаватасці». Бачым, што жанчына робіць штосьці не так, гаворыць не тое,— давайце паспрабуем пераканаць сябе: не вінаватая! I на самай справе, хіба кожная з іх вінаватая, што нарадзілася ў іншай сям'і, у іншы час, што выхавана ў іншай сістэме каштоўнасцей, з іншымі звычкамі? Не вінаватая свякроў (нявестка), што не адчувае да мяне пяшчотнай прыхільнасці (не за мяне выходзіла, не мяне выбірала). Не вінаватая свякроў, што не можа перамяніць густы і прывычкі, бо гады зацвердзілі, сцэментавалі характар. Не вінаватая нявестка, што маладая, нявопытная, няспрытная, шмат прамашак робіць...
I наогул лепш заўсёды шукаць ва ўзаемных учынках і словах адзін аднаго не прамашкі і недахопы — і на сонцы ёсць плямы,— а шукаць тлумачэнні і доказы на карысць адно аднаго.
Але чакайце, чаму ж мы ўсё звалілі на плечы свякрусе? Не ў пустыні і яна жыве. Тут вельмі вялікая сіла і ўлада свёкра. Ён жа звычайна больш добразычлівы бывае да жонкі сына і ў той жа час мае вялікі ўплыў на ўласную жонку. I не ў тым справа, што яму варта ўзяць на сябе абавязкі «трацейскага суддзі», наўрад ці яны ў яго атрымаюцца, але хутчэй громаадвода, што можа перавесці крыўднае слова на жарт, разагнаць воблакі ўзаемнай незадаволенасці...
А цяпер пра адносіны зяця з цешчай. Малады муж, які пасяліўся ў доме жонкі,— больш распаўсюджаная цяпер з'ява, чым жонка ў доме мужа. Як яму, як з ім? Па-першае, ён прымушае пацясніцца старэйшых. Па-другое, эканамічна ён таксама бывае ў залежнасці ад цесця — усё яшчэ галоўнага кармільца ў многіх сем'ях. Шлюбы ў нас заключаюцца паміж юнымі істотамі, якія часцей за ўсё не маюць моцнай матэрыяльнай базы. I ў такіх выпадках сутыкненні паміж мужчынамі даволі рэдкая з'ява. Вядома, калі зяць трымае сябе «ў рамках»: не п'е, не буяніць, не крыўдзіць маладую жонку. Нярэдка зяць з цесцем нават аб'ядноўваюцца, адчуваюць мужчынскую салідарнасць у супрацьстаянні жаночаму засіллю, асабліва калі дома ідзе «барацьба полаў».
Трэба прызнаць, што ў сістэме адносін паміж гэтымі двума членамі сям'і нярэдка рашаючую ролю адыгрывае прафесіянальна-службовы статус зяця. I ў значна большай ступені, чым ягоныя асабістыя якасці, нават узаемаадносіны з жонкай. Часцей за іншых членаў сям'і цешча вымярае сямейнае шчасце сваёй дачкі цалкам матэрыяльнай меркай. Хто б і што б ні гаварыў пра сямейную роўнасць, многія цешчы ведаюць адно: толькі той муж варты павагі, які здольны забяспечыць жонку ўсім неабходным у жыцці. Няхай пры гэтым яе ўласны сямейны баланс будуецца зусім не на такой жорсткай эканамічнай іерархіі. Гэта значыць, як жонка яна дапускае такое становішча, калі большую долю ў сямейны кацёл уносіць яна, а як цешча цярпіць такое становішча з цяжкасцю...
Нярэдка бывае, што цешча раіць зяцю перамяніць работу на больш «даходную». Не думаючы, што для многіх мужчын здрадзіць справе — здрадзіць самому сабе. Разбурыць маральны фундамент уласнай асобы. Такая здрада нярэдка прыводзіць да таго, што чалавек махае на свой лёс рукой і... разыходзіцца на ўсе застаўкі, коціцца пад горку...
Сярод парадоксаў сямейнага жыцця сустрэўся мне такі выпадак. Прыняла сям'я жонкі вось такога «неперспектыўнага» хлопца. I не сказаць, што цешча вельмі ўжо яго даймала, крыўдзіла. Хутчэй наадварот, нібы сына карміла, песціла, але і настаўляла, як родная: маўляў, хопіць хлопчыкам быць, час самастойнасць набываць. I раптам дачка выгнала мужа за дзверы. Ні за што ні пра што. Надакучыла «няньчыцца» з ім. I ўсё. Маці шчыра плакала, шкадавала хлопца. Дачку лаяла на чым свет стаіць: «Эгаістка, бессардэчная!» Не дапамагло. Уперлася: не патрэбна мне жаўтаротае птушаня. Ды яшчэ і прыпужала маці: вось знойдзе сабе старога пузатага з машынай і дачай, пойдзе да яго ў «сяброўкі»...
Дачка пяты год жыве «вольна». Вядома, пагроза тая была жартоўная. Не так выхаваная. Але вось выхаванне нецярплівасці, жаданне мець усё адразу і без доўгіх клопатаў дало такі плён, якога маці ніяк не чакала.
Старэйшай жанчыне самой бы зразумець і дачку пераканаць: юнак, поўны сіл і шчырага жадання быць мужам і бацькам, духоўна, маральна сталее значна пазней за жанчыну. Яго яшчэ трэба доўга і цярпліва «ляпіць», фарміраваць для таго, каб ён стаў сталым мужчынам, які поўнасцю ўсведамляе свой абавязак і адказнасць. Ды не наскокам браць яго, не штодзённымі натацыямі, а паступова, тонка падахвочваючы да разумных і карысных учынкаў. I не шкадаваць на гэту работу сваёй душы і розуму. Але, відавочна, яе ў свой час гэтаму таксама ніхто не навучыў. Перш за ўсё, яе ўласная маці, якая пражыла за спінай свайго мужа, як за сцяной, і была пераканана, што і ўсе мужы бываюць такія, «спеюць» самі. Але не. Зусім нямногім так шанцуе.
Статыстыка сцвярджае, што асноўная маса разводаў цяпер адбываецца па ініцыятыве жанчын па прычыне мужчынскай схільнасці да алкаголю. Няцяжка ўявіць рэакцыю цешчы на падобную «слабасць» зяця. Шчыра кажучы, калі малады чалавек паяўляецца ў сям'і жонкі, ужо заражаны гэтай хваробай, цяжка яму разлічваць на спагаду. А душэўны стан цешчы выклікае толькі спачуванне. Як павінна разрывацца пры гэтым сэрца маці, якая разумее, якую непазбежную бяду нясе гэты чалавек і яе дачцэ, і патомству.
I зусім іншая справа, калі зяць пацягнуўся да віна ўжо пасля таго, як змяніў сваё халасцяцкае жыццё. Тут бы і маці і дачцэ задумацца аб прычыне такой схільнасці. Ды на сябе азірнуцца: чым падштурхнулі яго да чаркі, якім недальнабачным словам, справай?
Аднак будзем аб'ектыўнымі. Сучасная цешча таксама пастаўлена ў вельмі складанае становішча. Колькі б ні было на яе душы грахоў, многія ёй даруюцца, залічацца за тое, што ўсё-такі менавіта яна больш за другую бабулю — свякроў — укладвае сіл, аддае свайго часу на дапамогу маладой сям'і. З'яўляецца дзіця ў доме — яна ля калыскі і днём, калі свабодная, і ноччу (дасць дачцэ паспаць). I пялёнкі памые, і шкарпэткі звяжа, і свежанькай кашкі не палянуецца зварыць.
На жаль, сапраўды гэтыя турботы нярэдка ўспрымаюцца зяцем і дачкой як належнае, а заўвагі на непаладкі ў іхняй «палатцы» — як замах на даросласць і самастойнасць. Гэта значыць, памагаць можаш, дазваляем, а сваю думку пра нашы справы пакінь пры сабе, нікога яна не цікавіць. і гэтым кроўна крыўдзяць чалавека, які сябе не беражэ, каб дапамагчы маладажонам падняць іх дзіця, паставіць яго на ногі.
...Цешча ў дом — мір у дом. Яна пераязджае са зручнай і прывычнай кватэры ў горшыя ўмовы, абы бліжэй да дзяцей і ўнукаў. Яна раней, чым магла б, звальняецца са службы на пенсію. Бачылі вы цярплівых і яшчэ нестарых жанчын у раздзявалках звычайных і музычных школ, на стадыёнах у чаканні, калі набегаюцца мілыя сэрцу ўнукі? Летам яна жыве на дачы, месяцамі адарваная ад уласных спраў, нярэдка ад яшчэ нестарога мужа.
Чаго ж чакаюць і патрабуюць цешчы ад сваіх зяцёў? Разумення перш за ўсё, што яны — жанчыны. А яшчэ спачування да хваляванняў няўрымслівага сэрца маці. Увага для іх — бальзам, удзячнасць і далікатнасць — лепшая ўзнагарода.
А чым можа цешча заваяваць прыхільнасць зяця? Дапамагчы, калі можа і хоча, дачцэ стаць самастойнай гаспадыняй у ягонай сям'і, працаваць на ўмацаванне іх саюзу, але ніяк не на развал.
Iнакш кажучы, тут атрымліваецца малюнак, адваротны таму, што складваецца ў адносінах паміж свякрухай і нявесткай. Калі дзвюм жанчынам часцей трэба аглядацца на ўзрост адна адной, дык цешчы з зяцем — на пол. Яму не забываць, што цешча — жанчына, а ёй, у сваю чаргу, што ён мужчына, няхай і малады, нявопытны, але ўжо з пэўнымі ўяўленнямі аб тым, як з ім трэба абыходзіцца.
Як бачыце, не такія ўжо гэта цяжкія і невыканальныя ўмовы. Трэба толькі захацець. Абаім.
Некалі ў звычаі нашага народа існаваў так званы «даравальны дзень». У гэтае блаславеннае свята ўсе члены сям'і незалежна ад полу і ўзросту прасілі адзін у аднаго даравання за «грахі», што назбіраліся за цэлы год. На мой погляд, гэта вельмі патрэбны ўсім нам звычай: скідваць з лічыльнікаў, сціраць з памяці і з сэрца ўсе вольныя і нявольныя крыўды.
Т. АФАНАСЬЕВА.


СТРАКАТЫ ГЛОБУС

УВАХОД ТОЛЬКI ДЛЯ ЖАНЧЫН
Уладальнiкi кiнатэатрў у Японii сталi атрымлiваць усё больш скаргаў ад адзiнокiх жанчын, да якiх калi патухае святло ў зале, пачынаюць прыставаць надакучлiвыя кавалеры.
Два такiйскiя кiнатэатры даволi хутка адрэагавалi на такiя просьбы i наладзiлi ў залах спецыальны сектар з асобым уваходам - "Толькi для жанчын".

КУРЭННЕ ЦI ПРЫВАБНАСЦЬ?
Французскiя ўрачи ўстановiлi, што курэнне для знешнасцi жанчыны значна больш небяспечнае, чым для мужчыны.
У прадстаўнiц цудоўнага полу скура на твары хутчэй старэе, трацiць эластычнасць, у кутках рота i вачэй з'яўляюцца заўчасныя маршчыны. Але гэта зусiм не азначае, папярэджваюць спецыялiсты, што мужчынам не трэба расставацца са шкоднай звычкай.

ЯК ДАВАЛІ ІМЯ
Калі ў сям'і Джузэпе і Анджэлы Насці з Неапаля нарадзіўся хлопчык, бацькі вырашылі даць яму самае незвычайнае ў Італіі імя.
Аднак натарыус забараніў зарэгістраваць нованароджанага пад імем... Свабодная навука на службе чалавецтва. Пасля доўгіх дэбатаў спыніліся на кампрамісным варыянце. Пасля першага слова такога складанага імя — Свабодная (па-італьянску — Лібера) вырашылі паставіць коску. Арымалася зусім нармальнае імя. Дарэчы, у Італіі такое імя сустракаецца, але даюць яго толькі... дзяўчынкам.

ВІНАВАТА СОНЦА
Рэзкае павелічэнне анкалагічных захворванняў (з 1980 года ў ЗША колькасць людзей, якія захварэлі меланомай, павялічылася на 93 працэнты) амерыканскія ўрачы звязваюць з любоўю сваіх суайчыннікаў да пляжаў.
Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца і той факт, што меланома памаладзела. Калі раней гэта хвароба, як правіла, сустракалася ў людзей старэй за 40 гадоў, то цяпер ёю хварэюць людзі ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. Становішча можа ўскладніцца, лічаць спецыялісты, калі і далей будзе патанчацца слой азону ў стратасферы.

РАСКАЗВАЕ СIМВОЛIКА
У многiх народаў, якiя жывуць на стадыi першабытнаабшчыннага ладу, iснуе асаблiвая сiстэма сiмвальных зносiн.
Так, калi жанчына з афрыканскага племя луба ўплятае ў валасы сцябло чароту, гэта азначае, што ў яе малога прарэзаўся перы зуб.

ШУКАЮ ЖОНКУ!
Аказваецца, абарыгенам у Аўстраліі зусім няма неабходнасці даваць шлюбную аб'яву ў газеце.
Удаўцу дастаткова наляпіць на бараду камяк гразі, і любому дасведчанаму становіцца ясна, што гэты чалавек шукае жонку.


<- предыдущая страница следующая ->


Copyright MyCorp © 2019
Конструктор сайтов - uCoz