каморка папыВлада
журнал Работнiца i сялянка 1989-09 текст-6
Меню сайта

Поиск

Статистика

Друзья

· RSS 29.03.2024, 10:41

скачать журнал

<- предыдущая страница

ВАША ПIСЬМО

I НАПІСАЎСЯ ВЕРШ...
Добры дзень, дарагія сябры!
Вялікае дзякуй вам, што несяце ўсім нам, хто жыве далёка ад Беларусі, прывітанне ад родных і незабыўных мясцін. З упэўненасцю магу сказаць, што часопіс «Работніца і сялянка» любяць не толькі беларусы і беларускі, якія жывуць за межамі рэспублікі, але і ўсе, хто хаця б раз выпісаў яго.
Атрымаўшы ў гэтым годзе ваш першы нумар, я паглядзела на вокладку, і штосьці такое накаціла на мяне... Дзяўчынка, якая ўсміхалася з вокладкі, так нагадала мне мяне, якой я калісьці была. I напісаўся верш на маёй роднай мове.
Там, дзе жвавы праменьчык жыве,
Дзе расінка трымціць на траве,
Па духмяным, ў рамонках, лугу
Басаногай дзяўчынкай бягу.
Мой далёкі бязуеўскі лес,
Можа, помніш дзяўчынкі той смех!
Можа, помніш аб тым, як, бывала,
Па сакрэту з табой размаўляла!
Адкрываю дзяцінства ларэц,
Замест кладу — духмяны чабрэц,
Замест кладу — з ларца вынімаю
Усё тое, цаны што не мае...
А нарадзілася я і вырасла ў вёсцы Бязуева Рэчыцкага раёна. Паехала ў 1959 годзе пасля заканчэння дзесяцігодкі і больш сваіх сяброў не бачыла. Перадаю ім усім прывітанне. I, вядома ж, маёй Ровенскаслабадской сярэдняй школе, дарагім нашым настаўнікам. Я іх усіх успамінаю добрым словам.
Жадаю ўсім шчасця!
Ваша чытачка і зямлячка Ганна ВІЛЬДАНАВА, дзявочае прозвішча Пырх.
Пасёлак Дзюрцюлі, Башкірыя.

ВУЧУСЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Мяне завуць Тамара. Жыву ў сонечнай Кіргізіі, у горадзе Фрунзе. Атрымліваю ваш часопіс ужо два гады. Тэрмін быццам бы невялікі, але за гэты час я шмат чаго даведалася. Спачатку чытала дадатак «Алеся», бо вельмі люблю шыць, вязаць, вышываць, плесці макрамэ. Цяпер чытаю ўвесь часопіс, вучуся па ім беларускай мове. Праўда, пісаць яшчэ па-беларуску не ўмею. I я вельмі хацела б пазнаёміцца з кім-небудзь, хто любіць беларускую мову, умее рукадзельнічаць і хто з задавальненнем падзеліцца сваімі сакрэтамі ў вязанні, вышыўцы, кулінарыі.
Мне 28 гадоў, працую на заводзе, у нас з мужам двое дзетак — трохгадовая Ната і Кіруша, якому 11 месяцаў.
Буду рада ўсім, хто адгукнецца на маё пісьмо.
720030 Кіргізская ССР, г. Фрунзе, вул. Перамогі, 8
Тамара АНДРЭЕВА.

ЧАКАЕМ БАБУЛЮ!
У мяне трое дзяцей. Старэйшы сын перайшоў у сёмы клас, дачка — у трэці, а малодшай Алёнцы — два з паловаю гады. Вось малодшая дачушка і стала прычынай майго пісьма ў рэдакцыю.
Калі Алёнцы было адзінаццаць месяцаў, яна цяжка хварэла на на пнеўманію. З таго часу і пачаліся нашы пакуты. У дзіцячы садок ёй нельга, дома няма з кім пакінуць. Летам з ёю былі старэйшыя дзеці, а зараз пайшлі ў школу, і малая застаецца адна.
Вось я і хачу праз часопіс звярнуцца да якой-небудзь адзінокай бабулі: магчыма, яна дасць згоду пераехаць да нас жыць. Я бабулю не пакрыўджу і старасць яе дагледжу. Весці хатнюю гаспадарку ёй не давядзецца, сама ўсё раблю, толькі хай будзе з Алёнкай.
Муж працуе механізатарам, я — вагаўшчыцай. Кватэра ў нас добра-ўпарадкаваная. Побач — магазін, сталовая, ФАП, пошта. Грошы маем, свая падсобная гаспадарка, толькі пакуль што каровы няма.
Калі вырашыць якая-небудзь бабуля пераехаць да нас, няхай напіша па адрасу:
211958 Віцебская вобласць, Міёрскі раён, п/а Цвеціна, НАРКЕВІЧ Марыі Станіславаўне.

ДАПАМАЖЫЦЕ ВЯРНУЦЬ ВЕЖНАЎЦА
Дарагая рэдакцыя! Просяць вашай дапамогі жыхары вёскі Оземля Акцябрскага раёна, што на Гомельшчыне. Мы амаль усе ўжо маем пенсійны ўзрост і часта маем вялікую патрэбу ў медыцынскай дапамозе, а яна за пяць кіламетраў ад нашай вёскі — на станцыі Ратміравічы. Каб яе выклікаць, трэба мець транспарт, а транспарту ў нашай брыгадзе ніякага, апрача трактароў.
Райцэнтр за 20 кіламетраў ад нас. Каб трапіць на прыём да ўрача, патраціш не менш як два дні. Пакуль туды прыедзеш — усе талоны раздадзены. Чакай наступнага дня. Урэшце да ўрача трапіш, прапіша ён уколы. А хто іх нам зробіць! У 60—70-гадовым узросце трэба ісці за пяць кіламетраў да медсястры. У непагадзь і ў слоту пяць кіламетраў туды і столькі ж назад. Не вытрымліваем мы гэтага.
Быў у нас фельчар Вежнавец Васіль Іванавіч. Добры чалавек і спецыяліст харошы. Ен нас і ратаваў, бывала. Усе мы, пенсіянеры, былі пад яго наглядам. I раптам яго «скарацілі». Каму гэта спатрэбілася! Вось і засталіся мы без нагляду і без медыцынскай дапамогі. А ў нас у каго гіпертанія, у каго — галаўныя і сардэчныя болі, у каго — суставы не даюць спакою.
Дапамажыце нам вярнуць Васіля Іванавіча Вежнаўца, а калі ён не згодзіцца, то хоць медсястру хай накіруюць да нас. Мы ж яшчэ жывыя, хаця і нямоглыя. Усё жыццё вырошчвалі хлеб, даглядалі жывёлу, а зараз... Просім, дапамажыце нам!
А. В. ФІЛЬЧАНКА, В. К. САЗОНАВА, М. I. МАЛАКОВІЧ, А. А. СІНЬКЕВІЧ, усяго 23 подпісы.

СЛОВА ДА ДЗЯЎЧАТ
Працую выхавацелькай у дзіцячым садзе, вельмі люблю дзяцей і таму не магу спакойна чытаць на старонках «Работніцы і сялянкі» лісты дзяўчат, якія адракаюцца ад мацярынства.
Я сама маці, у мяне расце маленькі сынок, зараз яму 10 месяцаў, i я не магу зразумець жанчын, якія бяздумна паводзяць сябе, з лёгкасцю пакідаюць дзяцей, губяць сваю будучыню. Няўжо камусьці не хочацца стаць маці?! Ведаю, што ёсць шчасце ад любімай працы, шчасце ад кахання, ад сяброўства, але няма больш высокага шчасця, чым шчасце мацярынства! Памятаю, як адчула ў сабе новае жыццё, як зацалаваў, закружыў на руках каханы, даведаўшыся, што ў нас будзе дзіця. Памятаю, як цяжка далася мне цяжарнасць, асабліва спачатку, і як муж узяў на сябе ўсе клопаты аб сям'і, стаў гаспадыняй у доме. Як я чакала ў радзільным доме першай сустрэчы са сваім маленькім, як заплакала, узяўшы яго на рукі, і не магла аддаць медсястры, каб аднесла яго ў дзіцячы пакой! Ніколі не забуду, як наш татка чакаў нашага вяртання дамоў, як рыхтаваўся: прыбраў усё ў пакоі, нават вокны памыў, і разам з тым баяўся браць на рукі дзіця. А зараз — колькі цікаўнасці ў нашага непаседлівага жэўжыка! I хоць цяжка даводзіцца з ім, але ўсё робім з радасцю. Не асуджаю і разумею маці-адзіночак (маю на ўвазе сапраўдных маці). Ніякія злыя языкі і скосыя позіркі не могуць зацямніць тае радасці, таго шчасця, якое адчуваеш, гледзячы на сваё дзіця, трымаючы яго на руках, прыціскаючы яго да сэрца. I таму звяртаюся да дзяўчат, будучых маці: заўсёды памятайце, што галоўнае прызначэнне жанчыны — мацярынства. А каб стаць сапраўднай, добрай, ласкавай маці, трэба шмат чаму навучыцца, трэба перш за ўсё разумець і паважаць людзей і сябе, каб потым не сорамна было перад дзецьмі.
Вельмі хочацца, каб да маіх слоў прыслухаліся тыя, хто вядзе амаральнае жыццё. Можа, не ўсё яшчэ згублена, можа, застаўся яшчэ ў душы жывы агеньчык!
З павагай С. ХЛАПОНІНА, 21 год.
г. Асіповічы, Магілёўская вобласць.

ПРАЗ ТРЫЦЦАЦЬ ГАДОЎ
Жыву ў горадзе Нікалаеве, але родам з вёскі Слабада Крупскага раёна Мінскай вобласці. Сёлета спаўняецца трыццаць гадоў, як мы скончылі сярэднюю школу ў вёсцы Абчуга. З таго часу я не сустракалася ні з кім з былых аднакласнікаў.
Я ўжо бабуля, маю трох унукаў. Але школьных сяброў і настаўнікаў не забыла. Разам са мной вучыліся Ліда Бароўская, Ліда Швед, Коля Бабровіч, Васіль Чаканаў, Люба Красоўская, Валя Фурс, Валя і Ганна Старычонак, Ніна Тышкевіч і іншыя. Дырэктарам школы працаваў Г. А. Бялаўскі.
Дарагая рэдакцыя, прашу праз ваш часопіс перадаць шчырае прывітанне маім школьным сябрам і настаўнікам. Можа, хто адгукнецца!
Марыя ФІЛОНАВА.
УССР, г. Нікалаеў, вул. Маладзёжная, 1-б.
М. Е. ВАЛКАРЭЗАВАЙ.

ЦІКАЎЛЮСЯ ЛЁСАМ ПУШКІНЫХ
Люблю ваш часопіс, дваццаць гадоў выпісваю яго, чытаю без перакладчыка, і ўсе мае сем сясцёр Ідзве жывуць у Гомелі) таксама любяць і выпісваюць «Работніцу і сялянку».
У шостым нумары прачытала аб старэйшай дачцэ А. С. Пушкіна — Марыі Аляксандраўне Гартунг. Ніколі такога нідзе не чытала і ўдзячна аўтару гэтага артыкула Ц. Б. Ліякумовічу. I, вядома, рэдакцыі. Мне вельмі хацелася б пачытаць у вашым часопісе і пра іншых дзяцей вялікага рускага паэта: пра Аляксандра, Наталлю, пра дзяцей Наталлі Мікалаеўны ад шлюбу з П. П. Ланскім. Які іх лёс, колькі нашчадкаў Пушкіна жыве ў СССР і за мяжой! Хочацца ведаць і аб прапраўнуку паэта, які жыве у Маскве, аб Рыгору Пушкіну.
З вялікай цікавасцю чытаю артыкулы аб жанчынах сённяшняй Беларусі. Вельмі карысныя ўрокі вашай «Алесі», якую чытаем разам з маімі трыма дочкамі. Вялікае вам дзякуй, дарагія работніцы рэдакцыі, шчасця вам, творчых поспехаў і чуласці да нашых, можа, часам, і не зусім пісьменных лістоў.
З павагай А. НІКІЦІНА.
п. Сеяха, Ямальскі раён, Цюменская вобласць.

ДЗЯКУЮ ВАМ, МІЛЫЯ
Нават і не чакаў такога водгуку на сваё пісьмо, надрукаванае ў дзесятым нумары вашага часопіса за мінулы год. З Латвіі і Магадана, Архангельска і Амурскай вобласці, Уфы і Нікапаля, Акцюбінска і Ульянаўска, з Малдавіі, Украіны, Беларусі — не магу пералічыць усе мясціны, адкуль прыйшлі мне пісьмы, бандэролі і ласылкі ад вышывальшчыц пенсійнага ўзросту. Нямала і маладых захапляюцца адным з цяжкіх відаў народнай творчасці.
Не ведаю, ці знойдзецца некалькі радкоў у вашым часопісе, каб выказаць падзяку О. М. Косцінай з Нікапаля, якая прыслала малюнак «Паляўнічыя на прывале» (аказваецца, у народзе гэтую карціну называюць «Брахуны»). Перапісваемся з сям'ёй Брытавых з Малдавіі, з Л. Харытанюк з Брэсцкай вобласці, з Н. Шпак з Акцюбінска, Ю. Варакса з Навагрудка і многімі іншымі. Пасылаем адно аднаму свае вышыўкі і вязаныя рэчы (мая жонка Зоя Якаўлеўна вялікая аматарка вязаць кручком і пруткамі).
Шкада, што мужчыны не займаюцца гэтай цікавай справай, а многія нават перашкаджаюць сваім жонкам.
Яшчэ раз дзякую ўсім жанчынам, што адгукнуліся на маё пісьмо. З радасцю паведамляю, што малюнак я ўжо вышыў, а цяпер пачаў карціну I. Шышкіна «Раніца ў сасновым бары». I яшчэ вялікі дзякуй рэдакцыі часопіса «Работніца і сялянка» за спагадлівасць і за тое, што змясціла мае нататкі ў сваім часопісе.
А. АЛЯКСАНДРАЎ.
Калінінская вобласць.

ЛЮБЯЦЬ ПАРАДАК...
Не вельмі даўно як турыст я пабывала ў ФРГ. Тое, што ўразіла, занатавала ў блакнот і хачу падзяліцца з чытачамі.
Едзем на ферму, гэта недалёка ад Гановера. Усе дарогі выдатныя, у тым ліку і прасёлачныя. Палі жыта, пшаніцы, бульбы перасякаюцца асфальтавымі палосамі, у асноўным бязлюднымі і безмашыннымі. Фермеры лічаць, што страты сельскагаспадарчых прадуктаў дзякуючы добрым дарогам мінімальныя. Вось бульба, напрыклад. Уведзеная ў севазварот пасля галадоўкі 1771— 1772 года ў загадным парадку, яна шырока культывуецца тут (134 сарты!) і добра захоўваецца, бо не псуецца ў час перавозкі.
Неасвоеных плошчаў у ФРГ няма. Але з мэтай захавання флоры і фауны дзе-нідзе вырашылі пакідаць траву някошанай — можа, ацалее лішняя стракозка ці матылёк.
Наша першае знаёмства з гідамперакладчыцай Інгай было грунтоўна сапсавана. Чаму? Мы спазніліся на 5 мінут. Нам здавалася, тут няма нічога страшнага, у нас жа іншы раз сходы пачынаюць праз 15 мінут пасля вызначанага часу. Давялося выслухаць заўвагу і папярэджанне.
Немцы асабліва акуратныя пры з'яўленні на работу. Праўда, гэта не складае асаблівай цяжкасці. Аўтобусы ходзяць дакладна, па іх можна правяраць гадзіннік. На кожным прыпынку вывешаны расклад руху з указаннем часу ў мінутах. Праехаць вадзіцелю, мінуўшы прыпынак,— надзвычайнае здарэнне.
Асабліва распаўсюджаны веласіпед. Каля школ, універсітэтаў, магазінаў чакаюць сваіх гаспадароў сотні веласіпедаў. Двум колам тут надаецца асаблівае значэнне, прычым дваякае: для справы і для адпачынку. Веласіпедысты карыстаюцца не толькі некаторымі перавагамі, але і ўвагаю з боку вадзіцеляў. Для іх ёсць спецыяльныя дарожкі нават у маленькіх населеных пунктах. Асаблівую ўвагу прыцягваюць бабулькі на колах. Ездзіць на веласіпедзе ім гэтак жа звыкла, як і хадзіць пешшу.
Важная рыса нямецкага характару — імкненне да парадку. Парадак перш за ўсё! Да яго прывучаюць з дзяцінства, іншы раз сілком. Дзіця вырастае і тымі ж метадамі ўкараняе разуменне парадку ў свядомасці сваіх нашчадкаў.
Мы заўважылі, што многія немцы, каб правільна размеркаваць час паміж работай і адпачынкам, жывуць па кішэннай кніжцы, у якой распісаны ўсе меркаваныя важныя і менш важныя падзеі на год наперад. Гэтыя дзённікі яны вядуць вельмі пунктуальна, хто з дзелавой мэтай, а хто і для таго, што, маўляў, «душа просіць». Гэтак жа старанна ў спецыяльных сшытках фіксуюцца ўсе грашовыя прыходы і расходы. Грошы ў немцаў, як правіла, не раскіданы па кішэнях, а захоўваюцца буйнейшыя ў бумажніку, а астатнія — у маленькім кашальку. Між іншым, і самым распаўсюджаным сувенірам з'яўляецца кашалёк-бумажнік, які кожны з нас і атрымаў у падарунак пры ад'ездзе дамоў, «каб грошы вадзіліся»!
В. ЕРМАКОВА, старшы выкладчык Мінскага інстытута культуры, ветэран працы.

ЯК ВЫКЛЮЧЭННЕ
Добры дзень, дарагія сябры з Мінска! Піша вам хлопец з горада Сафіі, з Балгарыі. Мяне завуць Агнян. Мне 29 гадоў. Нарадзіўся і жыву ў Сафіі. У мяне вялізнае жаданне пазнаёміцца і пасябраваць пры вашай дапамозе з дзяўчынай з Мінска або Віцебска, Магілёва, Брэста, Гродна, Гомеля ці э іншых гарадоў Беларусі. Мне будзе вельмі прыемна, калі вы надрукуеце маё пісьмо ў вашым часопісе.
У мяне вышэйшая інжынерная адукацыя, працую ў інстытуце інжынерам-праектантам. Магу добра чытаць, гаварыць і пісаць паруску. Жыву ва ўласнай кватэры ў цэнтры Сафіі. Мае захапленні і інтарэсы — рок-музыка, літаратура, тэатр, люблю гісторыю, геаграфію, славянскія мовы, зараз вывучаю англійскую, захапляюся спортам, люблю валейбол, тэніс, футбол. Я нежанаты, не куру і не люблю спіртнога. Мой рост 188 сантыметраў, вага 79 кілаграмаў. Валасы цёмна-русыя, вочы стракатыя.
Мне могуць пісаць дзяўчаты з Беларусі не толькі беларускі, а і рускія, украінкі, латышкі, эстонкі, літоўкі, полькі, пажадана з вышэйшай адукацыяй або студэнткі з любой спецыяльнасцю, з аналагічнымі інтарэсамі і захапленнямі, з танклявай спартыўнага тыпу фігурай, прывабныя, аддаю перавагу бландзінкам, хаця не выключаю і шатэнак, з ростам 165—180 сантыметраў (лепей 170—178), па магчымасці, каб не курылі, якія маюць добры густ і ўмеюць добра апранацца і падтрымліваць сваю фігуру, ва ўзросце ад 17 да 24 гадоў. Прашу тых дзяўчат, якія захочуць мне напісаць, выслаць свае фотаздымкі.
Мой адрас: Народная Рэспубліка Балгарыя, г. Сафія-1000, вуліца «Любен Каравелаў», 21.
Агнян ГЕОРГІЕЎ.

АД РЭДАКЦЫІ: хаця наш часопіс і не друкуе аб'яў аб знаёмстве, але ў парадку выключэння пісьмо нашага замежнага чытача прапануем вашай увазе. У парадку выключэння.


ЮРЫДЫЧНАЯ КАНСУЛЬТАЦЫЯ

КАЛІ ЖАНЧЫНА ЦЯЖАРНАЯ
«Ці дапускаецца перавод цяжарнай жанчыны на іншую, больш лёгкую, работу!
М. СЕРГІЕНКА, г. Брэст».
Цяжарным жанчынам у адпаведнасці з медыцынскім заключэннем зніжаюцца нормы выпрацоўкі, нормы абслугоўвання або яны пераводзяцца на іншую работу, больш лёгкую, якая выключае ўздзеянне неспрыяльных фактараў, з захаваннем сярэдняга заробку па ранейшым месцы работы.
Такое правіла ўстаноўлена артыкулам 164 Кодэкса законаў аб працы Беларускай ССР.

ІЛЬГОТЫ ПРАДУГЛЕДЖАНЫ
«У пятым нумары часопіса «Работніца і сялянка» надрукавана юрыдычная кансультацыя аб парадку звальнення рабочых і служачых па скарачэнню штатаў. Хацелася б даведацца, якія ўстаноўлены льготы для работнікаў, звольненых па ўказанай падставе.
М. МАЦВІЕНКА, г. Магілёў».
Адказ на гэта пытанне змешчаны ў артыкуле 40 Кодэкса законаў аб працы Беларускай ССР і ў Палажэнні аб парадку вызвалення, працаўладкавання рабочых і служачых і прадастаўлення ім ільгот і кампенсацый.
Работнікам, якія вызваляюцца з прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый пры скасаванні працоўнага дагавора ў сувязі з ажыццяўленнем мерапрыемстваў па скарачэнню колькасці або штату: выплачваецца выхадная дапамога ў размеры сярэдняга месячнага заробку; захоўваецца сярэдняя заработная плата на перыяд працаўладкавання, але не звыш двух месяцаў з дня звальнення з улікам выплаты выхадной дапамогі; захоўваецца сярэдняя заработная плата на перыяд працаўладкавання, у парадку выключэння, і на працягу трэцяга месяца з дня звальнення па рашэнню органа па працаўладкаванню пры ўмове, калі работнік загадзя (у двухтыднёвы тэрмін пасля звальнення) звярнуўся ў гэты орган і не быў працаўладкаваны.
За ўказанымі работнікамі захоўваецца няспынны працоўны стаж, калі перапынак у рабоце пасля звальнення не перавысіў трох месяцаў. За імі захоўваюцца таксама няспынны стаж работы для атрымання аднаразовай узнагароды за выслугу гадоў (працэнтных надбавак да заработнай платы), а таксама іншыя льготы і выплаты, звязаныя са стажам работы, калі яны дзейнічаюць на новым месцы (напрыклад, узнагароджанне па выніках работы за год). Такім работнікам пры наяўнасці няспыннага працоўнага стажу штогадовы адпачынак за першы рабочы год прадастаўляецца незалежна ад працягласці работы на новым месцы.
Акрамя таго, пастановай ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і ВЦСПС устаноўлена, што пры пераходзе вызваленых работнікаў на іншае прадпрыемства і вырашэнні пытання аб паляпшэнні жыллёвых умоў улічваецца час знаходжання работніка на ўліку на ранейшым месцы работы, а таксама агульны працоўны стаж і яго адносіны да працы. Ў асобных выпадках па ініцыятыве адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта і са згоды савета працоўнага калектыву яны могуць быць пакінуты на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў на ранейшым месцы работы.
Такія работнікі могуць працягваць карыстацца дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі, піянерскімі лагерамі і медыцынскім абслугоўваннем па ранейшаму месцу работы, калі яны жывуць у тым жа горадзе, раёне.
Нарэшце, у выпадку пераходу асоб, звольненых па скарачэнню штатаў, на работу на іншае прадпрыемства, ва ўстанову, арганізацыю няспынны стаж работы, які дае права на 20-працэнтную надбаўку да пенсіі па старасці, на ранейшым і новым месцы падсумоўваецца і лічыцца як работа на адным прадпрыемстве.
М. УХВАНАЎ, юрыст.


МАМА, ПАЧЫТАЙ!

АЎТАРАЛI

У дзіцячым парку Валерка сціснуў татаву руку, зазірнуў яму ў вочы і сказаў:
— Тата, чуеш, тата, ну вазьмі, калі ласка, мне педальную машыну, вазьмі!
Неўзабаве хлопчык сядзеў у блакітным лімузіне і моцна трымаў рулявое кола. Ен праехаў ля вясёлых атракцыёнаў і павярнуў на дарожку, якая вяла да будынка, дзе паказвалі мульцікі, калі да іх падышоў нейкі чалавек. Мусіць, работнік парку, бо на рукаве ў яго была чырвоная павязка, а ў руцэ — чырвоны флажок.
Чалавек прывітаўся і сказаў:
— Мы праводзім аўтаралі — спаборніцтва юных вадзіцеляў на педальных машынах. А ты, хлопчык, хочаш удзельнічаць!
— Можна, тата! — запытаўся Валерка.— Можна ўдзельнічаць!
— Што ж, паспрабуй свае здольнасці, сынок.
На шырокай асфальтаванай дарожцы ў засені магутных дрэў ужо выстраіліся ля сваіх машын хлопчыкі — удзельнікі спаборніцтваў. Падруліў да іх і Валерка.
Таты і мамы нешта гаварылі хлопчыкам. Раілі, падбадзёрвалі. I кожны хлопчык, вядома, хацеў быць першым.
I Валерку тата сказаў:
— Трымайся паасобку і з самага пачатку набірай хуткасць — уперад, толькі ўперад ірві.
— Ага,— кіўнуў Валерка.
У гэты момант з рупара, які трымаў суддзя спаборніцтваў, пачулася:
— Увага, увага! На старт выклікаюцца ўдзельнікі першага заезду. Падрыхтавацца другому, а ўслед і трэцяму раду! Рухацца па ўзмаху чырвонага флажка!
Валерка моўчкі чакаў, калі яму і тым, хто побач, пададуць каманду.
За сваімі думкамі ён не прыкмеціў узмаху флажка. I на старце затрымаўся на некалькі секунд. Дзе ўжо тут дагоніш хлапчука, які ішоў наперадзе ўсіх!
Нечакана той пачаў адставаць. Валерка заўважыў, што кола першай машыны неяк павярнулася, машыну рэзка тузанула, і яна аказалася на абочыне.
Наперадзе нікога не было. Валерка з усяе моцы крутануў педалі. Ззаду засталася крэйдавая рыса. Фініш. Цяжка дыхае Валерка. Ён — пераможца! Дзе тата, дзе!..
I зноў гучыць рупар. Выклікае Валерку і яшчэ двух хлопчыкаў. Ім будуць уручаць узнагароды. Навокал усе ўсміхаюцца, пляскаюць у далоні.
Валерка атрымлівае ўзнагароду — футбольны мяч. Шукаючы вачамі бацьку, ён бачыць: ля вялізнага дрэва моўчкі стаіць той хлопчык, у якога сапсавалася машына. Пераможца зрываецца з месца.
— Вось прыз... Твой прыз,— працягвае Валерка футбольны мяч хлопчыку.— Ты першы. Ты быў бы першы...
Падыходзіць тата, абдымае за плечы Валерку, шчасліва кажа:
— А ў мяне сын — мужчына. Сапраўдны мужчына!
А. ФОМЧАНКА.
Мал. Н. ГРАМЫКА.


ГУМАР

Сяргей АЎДЗЕЕНКА
ТВОРЧЫ СТЫМУЛ

У вялізную камунальную кухню, дзе за адным са сталоў прымасціўся з пяром і паперай літаратар-пачатковец Косця Косцікаў, увайшла ягоная жонка Света, апранутая ў старэнькі паркалёвы халацік.
— Усё крэмзаеш? — запыталася яна, чапляючы над галавой мужа мокрыя пялёнкі. Буйная кропля ўпала на аркуш паперы і распаўзлася па крузе.
— Пішы, пішы,— працягвала Света,— думаеш, надрукуюць? Як жа, чакай! Вартаўніком на агародніннай базе ўладкаваўся, дзяжурыш па начах і лічыш, што жыццё сям'і забяспечыў? А тое, што ў дачкі каляскі прыстойнай няма, а ў жонкі плацця выхаднога, цябе не турбуе? А тое, што жывём у камуналцы і чарга на кватэру ў апошняй сотні...
Косця на імгненне спыніўся, правёў рукой па густых валасах і яшчэ ніжэй схіліўся над паперай.
— Пішы, пішы,— з папрокам паўтарыла Света, бразгаючы дзвярамі.— Дапішашся, што ні жонкі, ні дачкі хутка не ўбачыш!
...У светлы прасторны пакой, дзе за пісьмовым сталом сядзеў малады пісьменнік Кастусь Косцікаў, увайшла чырванашчокая ад марозу жонка Святлана.
— Усё крэмзаеш? — запыталася яна з парога, здымаючы зімовае паліто з лісой.— А якая карысць? Сяброўкі вунь у імпартных срутрах швэндаюць, а мне ў гэтай транце сорамна на вуліцу выйсці. Дачку ў музычную школу аддаць не можам — раяль паставіць няма дзе. Хіба гэта кватэра — два пакойчыкі? А ты ўсё крэмзаеш, і ніякай справы да нас.
Кастусь на імгненне ўзняў вочы ад ліста паперы, разгублена пачухаў патыліцу і яшчэ ніжэй схіліўся над сталом.
...У кабінет вядомага пісьменніка Канстанціна Іванавіча Косцікава ўвайшла мажная, пышнацелая жанчына, у якой ён не адразу пазнаў сваю некалі зграбную жонку Святлану Львоўну. Цяжка плюхнуўшыся ў крэсла, яна абцягнула на каленях каляровы японскі халат з драконамі і запыталася:
— Усё крэмзаеш? Кнігі выдаеш? А што з таго? Твае калегі вунь з жонкамі ў Карлавых Варах адпачываюць, а мы?.. I, дарэчы, ты што, забыўся, што дачку ў кансерваторыю ўладкаваць трэба? Знаёмых шукаць сярод музыкантаў. А табе, бачу, і клопатаў няма!
Канстанцін Іванавіч на імгненне ўзняў вочы ад аркуша паперы, выцер успацелую плешыну і яшчэ ніжэй схіліўся над сталом.
...Позна ноччў ў загрувашчаны аж да самай столі кнігамі рабочы кабінет славутага раманіста Канстанціна I ванавіча Косцікава-Талстаеўскага ўвайшла заспаная дзябёлая жонка.
— Усё крэмзаеш? — прывычна запыталася яна.— А што з таго? Вунь усе стэлажы сваімі кнігамі загрувасціў...
— Ну, што там яшчэ? — не ўзнімаючы вачэй, пацікавіўся Канстанцін Іванавіч.— Дачцэ дачу? Унукам машыну?
— Дача ўжо ёсць. I машына таксама,— пачала пералічваць жонка.— I кватэра. I за мяжой летась адпачывалі...
— Дык чаго ж яшчэ? — ужо раздражнёна запытаўся літаратар.
— А сапраўды, чаго? — разгубілася Святлана Львоўна.
— Не, я проста так, без творчага стымулу, пісаць не магу! — выгукнуў Канстанцін Іванавіч і злосна шпурнуў на падлогу ручку «Паркер» з залатым пяром.— Дык прыдумай жа што-небудзь!
Пераклаў з рускай мовы Б. РАБЕНЬКІ.

- Ну што, iдзе перабудова?
Жанчына ёсць жанчына.
Мал. А. КАРШАКЕВІЧА.


Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!
РАБОТНІЦА І СЯЛЯНКА
№ 9 1989
ШТОМЕСЯЧНЫ ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ I ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКІ ЧАСОПІС
ВЫДАННЕ ЦК КП БЕЛАРУСІ
Выдаецца з лістапада 1924 г.
Выдавецтва ЦК КП Беларусі, г. Мінск.
Галоўны рэдактар М. I. КАРПЕНКА
Рэдакцыйная калегія: А. С. ВАСІЛЕВІЧ, М. Г. ЗАХАРЭВІЧ, А. I. ЗАХАРЭНКА (намеснік галоўнага рэдактара), В. М. КАРАЛЕВА (адказны сакратар), Р. У. КУДРЭВІЧ, Л. А. НАВУМАВА, В. М. ПАТАПЧЫК, Л. У. ХАТЫЛЕВА, Н. В. ЧАРНЫШ.
Мастацкі рэдактар I. М. ПРАТАСЕНЯ.
Тэхнічны рэдактар М. I. МАЛЕЦ.
Карэктар М. У. ВАСІЛЕЎСКАЯ.

«Работница и крестьянка» — ежемесячный общественно-политический и литературно-художественный журнал на белорусском языке. Издание ЦК КП Белоруссии.
Выходит с ноября 1924 года.

Адрас рэдакцыі: 220041, Мінск, Ленінскі праспект, 77.
Тэлефон для даведак — 32-38-14.
Здадзена ў набор 01.08.89. Падпісана да друку 22.08.89. АТ 01380. Фармат 60Х90 1/8. Папера кніжна-часопісная. Часопісная сечаная гарнітура. Афсетны друк. Ум.-друк. арк. 5. Ум. фарбаадб. 9,18. Ул.-выд. арк. 7. Тыраж 1 501 057 экз. Зак. 330.
Дадатак «Алеся» і выкрайка. Цана 25 кап.
Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга друкарня выдавецтва ЦК КП Беларусі. 220041. Мінск, Ленінскі праспект, 79.

НА ПЕРШАЯ СТАРОНЦЫ ВОКЛАДКІ: у вясковай цырульні. Заўтра ў школу.
Фота А. ЛАБАДЫ.


ФЛОКСЫ
Фота В. ХАРЧАНКI.

Цана 25 кап.
Індэкс 74995


<- предыдущая страница


Copyright MyCorp © 2024
Конструктор сайтов - uCoz