каморка папыВлада
журнал Работнiца i сялянка 1989-09 текст-4
Меню сайта

Поиск

Статистика

Друзья

· RSS 27.04.2024, 03:23

скачать журнал

<- предыдущая страница следующая ->

ГАСПАДЫНЯ СТАРОГА ЗАВОДА

Вецер гнаў па небе рэдкія пушыстыя воблакі. Толькі далёкай песняй жаўранка, захмялелага ад сонца і радасці быцця, парушалася цішыня. Паўтара дзесятка домікаў ушчыльную падышлі да старога завода, які шырока раскінуў сушыльныя павеці з чырвонай, добра абпаленай цэглай. У цэнтры — велізарная кальцавая чатырнаццацікамерная печ, па-свойму прыгожая, асабліва па начах, калі цэгла абпальваецца.
Але сёння завод не працаваў: людзі рамантавалі абсталяванне, рыхтуючыся да чарговага сезона. Мы з Адамам Адамавічам Салаўём, сакратаром парткома калгаса «Беларусь», абышлі ўсе вытворчыя памяшканні, шукаючы гаспадыню завода — так назваў ён старшага майстра Валянціну Мікалаеўну Сяховіч. Сустрэлі па дарозе ў заводскую канторку. Вельмі здзівілася, калі пачула аб прыездзе журналіста: прэса не песціла ўвагаю гэты лясны заводзік.
А гісторыю мае ён багатую. Пабудаваны яшчэ пры цары, доўгія гады спраўна выдаваў людзям цэглу, нават фірменны знак ставіўся на кожнай. Легенда ці не, але расказваюць, што франтавікі-любанцы, якія дайшлі ў сорак пятым да Берліна, бачылі там у сценах дамоў цэглу з тым фірменным знакам.
Былі часіны, калі завод паміраў — у першую сусветную і грамадзянскую войны. Квітнеў у гады нэпа. Заняпаў у трыццатыя, і, здавалася, навечна патухла полымя печы ў гады Вялікай Айчыннай. Але вярнуліся да сваіх ачагоў людзі і зноў запалілі агонь. Пасёлак свой назвалі прыгожа — Вясёлка. Было гэта ў першыя пасляваенныя галодныя гады.
— Завод быў нашым карміцелем. Людзі ў калгасах нічога не атрымлівалі на працадні, а ў нас цвёрдая заработная плата. На кожнае месца, лічы, конкурс. А цяпер,— Валянціна Мікалаеўна спрытна перакінула на старых канторскіх лічыльніках некалькі касцяшак,— засталіся васемнаццаць сем'яў, трыццаць чатыры чалавекі. За пасляваенныя гады з'ехалі адсюль шэсцьдзесят сем чалавек.
Тыя, што засталіся, лепшага жыцця не шукаюць. Цячэ яно ў гэтым лясным куточку размерана, са сваім усталяваным гадамі ўкладам. Хлеб, цукар, соль і іншыя тавары першай неабходнасці завозяцца спраўна. Ёсць добрая лазня. У коЖнай сям'і свае «соткі». Жывёлу трымаюць. Усе пытанні вырашаюць грамадой. Ёсць конь, яго калгас выдзеліў. Ёсць два трактары: гусенічны і калёсны. Агарод узараць, дроў падвезці — праблем вялікіх няма. За пералескам — аўтобусны прыпынак. У пасёлку шэсць вучняў, гэты аўтобус возіць іх у вёску Дарасіно ў школу і назад. Каму трэба ў райцэнтр — калі ласка. Праўда, на аўтобуснай станцыі часам шумяць: маўляў, рэйс нявыгадны. Дэпутат сельскага Савета Валянціна Мікалаеўна разбіралася з гэтым пытаннем: аказалася, вадзіцелі з білетамі махлявалі.
Лёс людзей тут просты, як сувой палатна. А ў самой Валянціны Мікалаеўны? Яна лічыць, таксама. Да вайны было звычайнае сялянскае дзяцінства. А вось вайна... Да гэтага часу не забыць палаючы дом у вёсцы Слаўкавічы з загнанымі туды людзьмі. I з мамаю... Валя з сястрой Кацяй паспелі дабегчы да выратавальнага ўзлеску, а мама затрымалася...
А праз тыдзень карнікі злавілі ў лесе і іх, дзяцей. Прыгналі ў Любань. Кацю адправілі ў Германію. Валю пакінулі: слабая, маласільная. Каця пад Брэстам выскачыла з таварнага вагона. Злавілі, моцна білі. Вярнулася дамоў, прайшоўшы ўсе кругі пекла, перад новым, 1946, годам. Толькі да вясны і дацягнула...
Вось так і раскідала іхнюю сям'ю вайна. Але жыццё працягвалася. У сорак сёмым годзе Валянціна Горбач (такое яе дзявочае прозвішча) прыйшла на цагельны. Працавала фармоўшчыцай, адвозчыцай, адрэзчыцай. Тут і шчасце сваё сустрэла. Прыйшоў з вайны дахаты Ягор Сяховіч. Паранены быў неаднойчы. Куля на міліметр вышэй сэрца прайшла, апошні асколак з нагі выйшаў не так ужо і даўно.
Вось так і пачалі жыць. Дачка Зіна, сыны Мікалай ды Васіль на свет з'явіліся. Зараз у кожнага свая сям'я. Але бацькоў не забываюць, прыязджаюць часта.
Штат на заводзе — дванаццаць чалавек. Старшы майстар — трынаццатая. Ягор Сяховіч, стары салдат, ужо на пенсіі. Да гэтага слесарам быў. Але калі якія складанасці з рамонтам, заўсёды на дапамогу прыходзіць. Электразваршчык Уладзімір Бокшыц — майстар на ўсе рукі: і каваль, і токар, і слесар. Надзейныя ў рабоце наладчык Іван Красуцкі, бульдазерыст Анатоль Сяўрук. Не адстаюць фармоўшчыцы Алена Бабіч, Любоў Красуцкая, Людміла Тобус. Разам з бацькамі працуе і Анжэла Тобус.
Тры гады назад завод надумалі закрыць. Міністэрства мясцовай прамысловасці палічыла яго бесперспектыўным. Абсталяванне паціху раздалі ў Чырвоны Бераг, Стоўбцы, Клецк. Валянціна Мікалаеўна аформілася на пенсію. Але прыйшоў да яе старшыня калгаса «Беларусь» Міхаіл Цімафеевіч Кукраш. Пагаварыў пра жыццё-быццё, а потым і да асноўнага перайшоў:
— Валянціна Мікалаеўна, наш калгас купляе завод. Трэба вярнуцца на работу. Акрамя цябе, больш няма каму. Будаўнічыя матэрыялы ў страшэнным дэфіцыце...
Падумала, падумала Валянціна Мікалаеўна ды і згадзілася. Узяла машыну і паехала па цагельнях. Калегі з Чырвонага Берага, Стоўбцаў і Клецка праявілі поўную салідарнасць: абсталяванне вярнулі ды яшчэ і тоесёе дадалі. Праўда, папрам цаваць давялося нямала, адных транспарцёраў на заводзе, лічы, два кіламетры з добрым гакам. Але хутка загула фармоўка, цэгла пайшла на сушку, а там і на абпал. Цяпер за год выдаюць мільён штук цэглы. Столькі, колькі патрэбна гаспадарцы. Як мінімум, маркі «сто», можна спакойна будаваць нават пяціпавярховыя дамы.
Асаблівы клопат — сыравіна. Валянціна Мікалаеўна размінае ў руках камячок ярка-чырвонай тлустай гліны.
— Добрая гліна. Яшчэ і пясочку трэба падсыпаць. Але мала яе. Калі па мільёну штук цэглы рабіць у год, на пяць гадоў хопіць. Далей сыравінныя запасы канчаюцца. Падыходзім да сур'ёзнай праблемы.
Дык што, закрываць вытворчасць? Нафтавае ведамства з Цюмені купіць яго хоць зараз за чвэрць мільёна рублёў. Але калгас не згадзіўся. Цэгла самім патрэбна.
Ёсць і яшчэ праблемы. Калгасны завод ні на якім фондавым забеспячэнні не стаіць. Тры гады жыве на галодным пайку. На шахце ў Салігорску выкінуць ланцугі ў металалом — Валянціна Мікалаеўна іх падбярэ, прывязе на завод, прыстасуе. Абсталяванне старое, тое-сёе патрабуе замены, рамонту, а дзе што ўзяць? Тым больш спадзяюцца калгаснікі на геолагаў: магчыма знойдуць сыравіну для завода. А яшчэ кажуць, што жыве ў калгасе «Дружба» дзед-ганчар, які ведае радовішча добрай гліны, але пакуль сакрэту не выдае: вельмі яна прыдатная для гаршкоў...
Вось так жывуць і працуюць людзі на старым цагельным заводзе на чале з ягонай гаспадыняй Валянцінай Мікалаеўнай Сяховіч. I невялікая бяда, калі гэта іхняя цэгла ў Берлін не трапіць. Але калгасныя будынкі растуць не па днях, а па гадзінах. Дамы, пабудаваныя з цэглы, зробленай на сваім заводзе.
В. ДРАЗДОЎ.
Любанскі раён.


Жаночае аддзяленне анкалагічнай бальніцы

ГУТАРКА ПЕРШАЯ — з намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, кандыдатам медыцынскіх навук З. В. ЛАПАРЭВІЧ
Да сустрэчы з Зояй Васільеўнай падштурхнула пісьмо нашай чытачкі Л. М. Стэрын аб тым, што адбылося ў НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Пацыенткі з пухлінамі малочнай залозы аб'явілі галадоўку, даведаўшыся, што іхняе аддзяленне памкнуліся ліквідаваць, каб тэрмінова адкрыць новае — для дзяцей. Скончылася тым, што яго мусілі пакінуць, але ва ўрэзаным выглядзе — 40 ложкаў замест 70, хаця хворыя жанчыны месяцамі чакаюць сваёй чаргі.
«Анкалагічная дапамога дзецям вельмі патрэбна, але чаму гэта робяць за кошт іншага не менш важнага аб'екта? — пытаецца Лідзія Міхайлаўна.— Чаму зараз, калі так востра ставіцца пытанне аб увазе да здароўя жанчын, павінны пагаршацца ўмовы іх лячэння?»
— Страсці ўжо адбушавалі,— пачала гаворку Зоя Васільеўна Лапарэвіч, намеснік дырэктара НДІ па лячэбнай рабоце.— Хворыя жанчыны зразумелі, што іншага выйсця не было. Яны ж самі маці, а хто лепей за маці зразумее, як патрэбна кваліфікаваная дапамога хворым дзецям?
— Безумоўна, жанчын пераканаць лягчэй. Ведаеце, Зоя Васільеўна, у мяне была магчымасць азнаёміцца з адказам дырэктара НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Ігара Рыгоравіча Жакава на аналагічныя «чаму?», адрасаваныя суседняй рэдакцыі. Ён паведамляў, што скарачэнне ложкавага фонду менавіта гэтага аддзялення не прынясе вялікага ўрону, бо аперацыямі на малочнай залозе валодаюць хірургі ўсіх анкалагічных дыспансераў рэспублікі. Скажыце, вам і ў гэтым удалося пераканаць хворых жанчын!
— На жаль, тут пераконваць цяжка, хаця хірургі ўсіх дыспансераў сапраўды валодаюць такімі аперацыямі і карыстаюцца методыкамі нашага інстытута. Але ні адзін хворы добраахвотна не адмовіцца ад лячэння ў высокакваліфікаванай спецыялізаванай установе, дзе лепшыя ўмовы для лячэння, чым у дыспансерах. У некаторых з іх вам давялося пабываць, і таму ёсць магчымасць параўноўваць.
Перш чым параўноўваць непараўнальнае, невялікая даведка для чытачоў:
У 1979 годзе захварэлі на злаякасныя новаўтварэнні 9386 жанчын нашай рэспублікі, у 1988-м — 12055. За дзесяць гадоў колькасць хворых жанчын вырасла на 28 працэнтаў, колькасць памёршых ад гэтай каварнай хваробы — на 16 працэнтаў. Цяпер практычна кожны дзень 33 жанчыны захворваюць на рак і 18 паміраюць ад яго.
— Кожны дзень трыццаць тры жанчыны... I найбольш частыя лакалізацыі — злаякасныя пухліны рэпрадуктыўных органаў, малочнай залозы, страўніка, скуры, кішэчніка...
— Жудасная статыстыка. Бадай, самы раз паглядзець, дзе ж лечаць ад гэтай страшнай хваробы.
— Калі гаварыць пра наш інстытут, то з 840 ложкаў 130 прыпадаюць на чыста жаночыя аддзяленні — першае хірургічнае для лячэння малочнай залозы, гінекалагічнае і радыягінекалагічнае. Апрача таго, з агульнай колькасці хворых іншых аддзяленняў 60 працэнтаў — таксама жанчыны...
— Тэма нашай размовы, Зоя Васільеўна, жаночае аддзяленне ў анкалагічнай бальніцы. Ваша ўстанова хаця і завецца інстытутам, для хворых яна застаецца бальніцай, i я пабывала ў спецыялізаваных аддзяленнях...
— Цікава, якое ўражанне засталося ад першага хірургічнага?
— Скажам так: боль аб страчаных ложках хоць і прытупіўся, але не забыўся. Адна справа, калі гэта аддзяленне пераводзілі ў новы корпус, і зусім iншая, калі праз сем гадоў яго вярнулі на старое месца, у абшарпаныя, неадрамантаваныя палаты. Шмат скаргаў на цеснату і няўтульнасць, на адсутнасць санітарнабытавых умоў, на тое, што няма там цяпер сваёй аперацыйнай, хворых у каталках спускаюць у падземны пераход і коцяць па ім аж у цэнтралізаваны аперацыйны блок. Я прайшла па тым пераходзе, на сабе адчула, якія там скразнякі, і ўяўляю цяпер, як вязуць па ім хворую жанчыну пасля складанай аперацыі зноў у першае хірургічнае.
— Відаць, вам крыху згусцілі фарбы, і, думаецца, не столькі хворыя, колькі нашы медыкі...
— Хворыя ледзь не моляцца на вашых спецыялістаў і гатовы цярпець усе нязручнасці, абы толькі не адправілі іх у Вілейскі ці які іншы дыспансер. Кажуць, што на франтоне вілейскага будынка выведзена дата: 1820 год. Да 1970-га ў ім была турма, а зараз там лечаць людзей ад рака...
— Тады вам цікава будзе пачытаць вось гэта пісьмо:
«Паважаная Зоя Васільеўна!
Я адвёз сваю жонку ў Вілейку. I якое страшнае супадзенне! 40 гадоў назад (пісьмо напісана 22.01.76 г.— А. З.) маю жонку і мяне арыштавалі белапольскія жандары. Яе ў Варшаве, мяне ў Маладзечне. Ёй было 22 гады, мне 20. Сваю маладосць мы правялі ў Вілейскай турме. I вось зноў апынуліся там — у анкалагічным дыспансеры. Жонку паклалі ў 3-ю палату. Гэта былая камера № 26, у якой я адпакутаваў пяць гадоў. Я персанальны пенсіянер, член КПСС з 1934 года. Мая жонка таксама персанальны пенсіянер, з 1935 года была сувязной ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі.
Разумею: на выратаванне жыцця маёй Ані мала надзей. Але няўжо ў Беларусі няма больш нідзе радыяабпраменьвання? Чаму яна павінна канчаць жыццё ў сценах былога каземата? Гэта страшна і для яе і для мяне...»
— Гэта страшна і для нас. А мне думалася, горшага месца, чым Бабруйскі дыспансер, няма. Колішняя сінагога, потым рабочыя кабінеты КДБ, а зараз — палаты на 60 анкалагічных хворых... Параўнаць з імі магу хіба толькі хіміятэрапеўтычнае аддзяленне Мінскага гарадскога дыспансера, якое туліцца ў памяшканні былой канюшні.
— Але вы не былі яшчэ ў Магілёўскім абласным дыспансеры.
— Затое ў Бабруйску нам паказалі дыяграму росту захворванняў на рак з 1977-га па 1987-мы гады...
— У Бабруйску яна вырасла на 44 працэнты, у Магілёўскай вобласці — на 41, а ў цэлым па Беларусі — на 35,5 працэнта.
I яшчэ адна даведка для чытачоў:
Анкалагічную службу ў рэспубліцы, апрача НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, нясуць 12 дыспансераў: 5 абласных — у Ьрэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве, 6 міжраённых — у Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Мазыры, Пінску, Полацку і адзін гарадскі — у Мінску. Усяго 2660 ложкаў у стацыянарах. Але ў сувязі з ростам захворванняў наяўнасць ложкаў на тысячу захварэўшых зменшылася з 114,5 у 1979 годзе да 105,9 у 1988-м. Па забяспечанасці анкалагічных хворых бальнічнымі ложкамі Беларусь на 9-м месцы сярод саюзных рэспублік. Яе намнога апярэдзілі Кіргізія, Туркменія...
— А мы не наблізіліся нават да агульнасаюзных паказчыкаў. Хаця падлічана, што Беларусі ўжо зараз трэба мець 160 ложкаў на тысячу захварэўшых, а маем, паўтараю, 105,9.
— I на гэтым вось фоне, Зоя Васільеўна, адкрывалі ў Мінску новы шыкоўны Дом палітасветы з мармуру і граніту, замуроўвалі мільёны рублёў на Цэнтральнай плошчы ў Палац рэспублікі, расшыралі і ўзводзілі новыя апартаменты для сябе выканкомы Саветаў розных маштабаў і партыйныя камітэты як сталічныя, так і абласныя...
— А мы на тым жа фоне вымушаны былі пацясніцца і перадаць новаму навукова-даследчаму інстытуту радыяцыйнай медыцыны свой двухпавярховы корпус, дзе было аддзяленне перадракавых пухлін на 50 ложкаў. Аддзяленне, заўважу, таксама ў асноўным жаночае. Цяпер, як бачыце, давялося ўрэзаць першае хірургічнае і скараціць адно радыялагічнае, каб адкрыць нарэшце аддзяленне для аказання анкалагічнай дапамогі дзецям. Мець яго нам трэба было даўным-даўно, бо хіба гэта парадак быў, калі мы клалі дзіця з яго болем у адну палату з хворымі жанчынамі або мужчынамі? I рабілі гэта не ад лёгкага жыцця — стараліся ратаваць дарослых: яны больш схільны да злаякасных новаўтварэнняў.
— Усё той жа Трышкаў кафтан: куды ні нацягні — штосьці аголіцца.
— I не лепшым сваім бокам. Бяда не толькі ў тым, што ў анкалагічнай службы ўсё яшчэ слабая матэрыяльная база. Не менш цяжкая праблема — няма каму працаваць. За тых жа дзесяць гадоў забяспечанасць кваліфікаванымі спецыялістамі скарацілася з 17,3 урачэбнай стаўкі на тысячу захварэўшых у 1979 годзе да 15,5 — у 1988-м. А колькі нават з прадугледжанага міністэрскімі нарматывамі не ўкамплектавана ўрачамі-анколагамі!
— Вы, Зоя Васільеўна, нагадалі мне словы галоўнага ўрача Мінскага гарадскога дыспансера Віктара Якаўлевіча Рабекі: «На ста дзвюх штатных адзінках у нас працуюць 66 урачоў...»
— Дык гэта ў Мінску, а што казаць пра Гродна, Віцебск, Магілёў? Дагэтуль існуе такая казуістыка: урачэбныя стаўкі плануюць у разліку на колькасць насельніцтва рэгіёна, які абслугоўваецца, а не на тое, колькі там хворых. А захворванне павялічваецца хутчэй, чым расце насельніцтва. Вось мы і не маем дастатковай колькасці ўрачоў.
Гэта ў стацыянарах. А што казаць пра амбулаторную службу, з якой і павінна пачынацца анкалогія? 32 анкалагічныя кабінеты на ўсю рэспубліку... У дванаццатай пяцігодцы меркавалася адкрыць яшчэ хаця б 30, а адкрылі толькі два. Няма каму працаваць. У 66 раёнах у лепшым выпадку працуюць сумяшчальнікі, а яны часцей за ўсё ніякага дачынення да анкалогіі не маюць. У выніку мы і выпраўляем іхнія памылкі. Выпраўляем іншы раз з вялікім спазненнем і несуцяшальным зыходам.
— Няма каму працаваць... I гэта ў рэспубліцы з трыма медыцынскімі інстытутамі!
— Анкалагічная падрыхтоўка там вельмі абмежаваная. Яшчэ хацела б сказаць, што слабая анкалагічная насцярожанасць і ў многіх урачоў. Ды і з насельніцтвам не працуем, не вучым людзей сачыць за сабой.
— Куды ні павярніся — праблема...
— I, бадай, самая цяжкая — дыягнастычнае і тэхнічнае забеспячэнне анкалагічнай службы. Пра гэта вам, мусіць, гаварьілі ў Мінскім гарадскім дыспансеры, пра гэта чулі і ў Бабруйску. I нават у Рэспубліканскім анкалагічным цэнтры, якім з'яўляецца наш інстытут, няма сучаснай дыягнастычнай апаратуры. Каторы год б'ёмся, каб набыць бранхаскоп, каб мець сваю ультрагукавую апаратуру. Я ўжо не кажу пра камп'ютэрны тамограф — недасягальную мару анколагаў.
Маральна і фізічна састарэла абсталяванне корпуса высокіх энергій. У 1967 годзе з дапамогай Пятра Міронавіча Машэрава набылі ў ФРГ бэтатрон фірмы «Сіменс». Ён разам з айчынным лінейным паскаральнікам электронаў адслужыў сваё. Нават запасных частак не знайсці — такіх ужо не выпускаюць, бо распрацавана новая тэхніка. А мы апошнія магчымасці выціскаем са старой. Выціскаем, бо гэтыя і іншыя ўстаноўкі ў нас працуюць ледзь не ў тры змены. Восем гадоў назад Рэспубліканскі анкалагічны цэнтр павялічыўся з 350 ложкаў да 900 — цяпер іх 840, а будаўніцтва новага радыялагічнага корпуса нам замарозілі па прычыне недахопу сродкаў, і ўвесь цяжар лёг на стары корпус з састарэлымі ўстаноўкамі.
— Але мне падалося, што работы на вашай новабудоўлі працягваюцца.
— Так, з'явілася надзея, што ў будучым годзе, хаця б да 30-годдзя інстытута, новы корпус нарэшце атрымаем. Вось толькі чым «начыніць» яго, каб загадзя не адстаць ад часу? Разумееце, манціруецца такое абсталяванне гадоў на 20—25. Тая ж замежная фірма гатова паставіць нам свой найноўшы апарат, ды вось каштуе ён не меней як паўтара мільёна валютных рублёў, а ўвесь камплект апаратуры — чатыры мільёны. Дзе іх узяць?
— Чула, што шукаеце спонсараў, нават спецыяльны рахунак адкрылі.
— Радуюся выпадку, каб назваць яго нумар — 933 580 444 у Беларускім рэспубліканскім банку Знешэканамбанка СССР. Нашы спецыялісты гатовы ўзяць пад дыспансерны нагляд усіх, хто нам дапаможа. Паверце, не для сябе стараемся.
Заключная даведка для чытачоў:
За апошнія 12 гадоў агульная колькасць анкалагічных хворых у Беларусі падвоілася. Наступнае падваенне чакаецца праз 10 гадоў. Гэта калі вынікі чарнобыльскай трагедыі не паскораць яго, бо экалогія і анкалогія — два бакі аднаго медаля.
— А каб не склалася ў жанчын жахлівае ўражанне, вам абавязкова трэба сустрэцца з такімі асамі анкалогіі, як дактары медыцынскіх навук Кацярына Яфімаўна Вішнеўская або Галіна Уладзіміраўна Мураўская — спецыяльна называю толькі жаночыя імёны. Яны ўзначальваюць аддзяленні, якія вядуць пастаянны бой з каварнай хваробай.
— Прымаю вашу параду, Зоя Васільеўна.
Гутарыла А. ЗАХАРЭНКА.

- Кіраўнік аддзялення высокіх энергій, доктар медыцынскіх навук Галіна Уладзіміраўна МУРАЎСКАЯ, загадчыца кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення Валянціна Канстанцінаўна АНДРЭЕВА і Зоя Васіпьеўна ЛАПАРЭВІЧ.


У РЭСПУБЛІКАНСКІМ САВЕЦЕ ЖАНЧЫН

Адбылося чарговае пасяджэнне прэзідыума савета жанчын Беларускай ССР і камісіі прэзідыума Белсаўпрофа па пытаннях працы і быту жанчын, аховы мацярынства і дзяцінства. Быў разгледжаны стан работы па ахове мацярынства і дзяцінства на прадпрыемствах і ў арганізацыях Мінскай вобласці.
Даклады на гэтую тэму зрабілі старшыня абласнога савета жанчын, намеснік старшыні выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў Вольга Браніславаўна Даргель, сакратар абласнога савета прафсаюзаў, член камісіі аблсаўпрофа па пытаннях працы і быту жанчын Рэгіна Андрэеўна Давідовіч і намеснік старшыні камісіі Белсаўпрофа, загадчык яго аддзела па дзяржаўным сацыяльным страхаванні і ахове здароўя Адам Уладзіміравіч Ляўковіч.
Дакладчыкі і тыя, хто выступіў у спрэчках, адзначылі станоўчае, што зроблена для мацярок і іхніх дзяцей у Пухавіцкім, Валожынскім, Смалявіцкім, Салігорскім раёнах і ў гарадах Маладзечне, Жодзіне, Барысаве. Але больш за ўсё гаварылі аб тым, што яшчэ трэба зрабіць, бо праблем тут хоць касой касі. Больш як 31 тысяча жанчын вобласці працуюць у нездавальняючых умовах — гэта 4,8 працэнта ўсіх працаўніц. На Рудзенскім жа заводзе пластмасавых вырабаў, у Смалявіцкім райпрамкамбінаце, вытворчым аб'яднанні «Беларуськалій», на прадпрыемствах горада Жодзіна ў дрэнных умовах працуюць ад 25 да 58 працэнтаў жанчын. У многіх месцах не хапае санітарна-бытавых памяшканняў, а ў Маладзечне ўвогуле ніводнае прадпрыемства не забяспечана імі.
Выказана шмат нараканняў на медыцынскае абслугоўванне. У радзільных дамах, дзіцячых бальніцах і кансультацыях цесна, некаторыя з іх знаходзяцца ў прыстасаваных і нават аварыйных будынках. Не хапае медыцынскага абсталявання, мэблі, лякарстваў, нават медыцынскіх пальчатак. Медустановы напалавіну, а то і менш укамплектаваны акушэрамі-гінеколагамі, педыятрамі.
Шмат праблем у выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. 50 тысяч чакаюць сваёй чаргі ў дзіцячыя яслі і садкі, а тыя, якія ўладкаваны, амаль не бываюць у санаторных групах і на загарадных дачах. Ды і харчаванне не вызначаецца высокай каларыйнасцю і разнастайнасцю. Захворванне дзяцей у дашкольных установах усё яшчэ высокае і мае тэндэнцыю ўзрастання.
Актывісткі жаночых саветаў і прафсаюзных камісій з болем гаварылі пра ўсё гэта. Аднымі сіламі жаночых саветаў тут справу не выправіш — патрэбна дзяржаўная, усеагульная заклапочанасць аб мацярынстве і дзяцінстве. Але і жансаветы, прафсаюзы могуць нямала зрабіць, калі будуць больш настойлівыя, патрабавальныя да недахопаў, уважлівыя да кожнай жанчыны-маці, кожнай сям'і. Гэта падкрэсліла ў сваім выступленні і намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня рэспубліканскага савета жанчын Ніна Мікалаеўна Мазай. На гэта накіравана і прынятая пастанова.


ВЕНЕРЫН ЧАРАВIЧАК

Свежым росным ранкам ішла я сцяжынкай Батанічнага саду Акадэміі навук БССР і раптам — нібы зачапілася за нешта — ад здзіўлення ажно спынілася. На дзялянках раслі дзівосныя кветкі, якія бачыла толькі ў дзяцінстве. Над імі стаяў найтанчэйшы пах. Пачала прынюхвацца да красак: ад якой расліны такі водар?
За гэтым заняткам і заспеў мяне Іван Васільевіч Лазнуха, старшы навуковы супрацоўнік саду.
— Гэта ваша багацце — такія незвычайныя кветкі? — спыталася.
— Гэта багацце ўсіх нас,— адказаў Іван Васільевіч.— Тут, на невялікім кавалачку зямлі, сабрана беларуская флора, якая практычна знікае. Вось півоня вузкалістая і пазнацвет асенні, вось кураслеп лясны і касач бязлісты, сон-трава і пярэсна еўрапейская і многія іншыя.
Папараць «страусава пяро» яшчэ можна згледзець у наваколлі Мінска, а рададэндран жоўты ў адзінай папуляцыі захаваўся толькі ў Белавежскай пушчы. Гэта ён мае такі прыемны пах...
Слухаю Івана Васільевіча і ўспамінаю: сапраўды, гадоў дваццаць назад сон-траву можна было сустрэць збоч чыгункі ці шашы, на ўскрайку лесу, а зараз яна стала рэдкасцю, знікла. Ад бяздушнасці, безадказнасці, чэрствасці людской, безгаспадарчых адносін да прыроды.
А ўсім вядомая пралеска, што прабіваецца праз лапікі снегу і пажухлае лісце? Ранняй вясной электрычкі поўняцца сіне-фіялетавымі букетамі. А назаўтра «аматары» выкінуць іх на сметнікі — палявыя і лясныя кветкі нядоўга стаяць у вазах, збіраць іх няма ніякага сэнсу. Або ці можна раўнадушна праходзіць міма прадпрымальных бабулек, якія кожную вясну гандлююць рэдкімі ляснымі кветкамі, даўно занесенымі ў Чырвоную кнігу?
Можа, усе гэтыя пралескі, чарамша, ландышы не вартыя таго, каб іх ахоўваць? Ёсць яны або няма іх — якая нам розніца? Вось у тым і справа, што сапраўднай цаны ім мы не ведаем.
— Іх лекавыя, тэхнічныя ўласцівасці выкарыстоўваюцца толькі на дванаццаць — пятнаццаць працэнтаў,— гаворыць Іван Васільевіч.— Знішчаючы такія расліны, мы знішчаем, магчыма, і сродак ад страшнай хваробы...
Не толькі ў нас, ва ўсім свеце адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя. Няўмелае і празмернае ўжыванне пестыцыдаў і гербіцыдаў, неразумнае асушэнне балот прывялі да пагаршэння экалагічнай раўнавагі ў прыродзе: кожны дзень знікае пэўны від раслін. Не менш чым пяць відаў насякомых — пчол, чмялёў, жучкоў — збіралі з яго нектар, цяпер і яны асуджаны на выміранне.
— Флора — самая кволая, неабароненая частка прыроды. Чалавек абавязаны дапамагчы ёй, стварыць умовы для жыцця. Калі чалавек не ўмяшаецца, то ў выніку міжвідавой канкурэнцыі рэдкія віды начыста знікнуць,— закончыў расказ мой субяседнік.
Услед за Чырвонай кнігай СССР у 1979 годзе пастановай Савета Міністраў БССР заснавана Чырвоная кніга Беларускай ССР. У яе занесена 85 відаў раслін, якім пагражае скарачэнне арэала (месц знаходжання) або поўнае знікненне з флоры рэспублікі.
Рэдкая кніга! Тыраж усяго чатыры тысячы экземпляраў. Толькі ў спецыялістаў яна ёсць. А як неабходна яна ў сельскіх чыгальнях, на стале ў старшыні сельскага Савета, на вачах чытачоў у гарадскіх бібліятэках!
З павагай бяру ў рукі важкі альбом-кнігу. Пад пурпурна-чырвонай вокладкай вогненна-чырвоныя зубры ходзяць у чырвоным лесе. Бела-ружовыя лебедзі плывуць па чырвонай вадзе. «Трывога, небяспека! — папярэджвае кніга.— Беражыце, не сарвіце, не затапчыце!»
Вось усім вядомы гарлачык белы — вадзяная лілея, па-навуковаму німфея альба. На карце-схеме абазначана толькі восем месц яе знаходжання: у пойме Прыпяці і яе нізавых прытоках, у старыцы Нарава ў Белавежскай пушчы.
Рэчка Нараў... Помню, прабраўшыся праз балоты былога Дзікага Нікара, мы, дзеці, любаваліся белымі і жоўтымі гарлачыкамі ў гэтай рэчцы. Бацька строга наказваў ніколі не рваць іх. Сарваныя, яны адразу гінуць.
Але ці навучылі мы сваіх дзяцей так берагчы незвычайнае, як вучылі нас? Мусіць, не. Збядненне флоры працягваецца. Як паведамілі мне ў Дзяржаўным камітэце БССР па ахове прыроды, рыхтуецца да выдання новая Чырвоная кніга, у яе ўжо будуць занесены 156 відаў рэдкіх раслін.
Гутару з вядучым спецыялістам дзяржаўнай камісіі па ахове прыроды Таццянай Андрэеўнай Сабалеўскай. Наколькі дзейсная сістэма аховы раслін, што яна сабой уяўляе?
— Ніводная будоўля ў лесе, ніводная лесараспрацоўка не павінны пачынацца без дазволу Дзяржкамітэта. Гэтак жа, як і асушэнне пэўнага масіву балот,— сказала Таццяна Андрэеўна.— Ёсць абласныя, раённыя інспекцыі, кожная з іх мае плакаты з малюнкамі знікаючых, рэдкіх раслін, указаннем месц іх знаходжання. Кожную вясну мы, работнікі камітэта, выязджаем на прыроду, гутарым з людзьмі, папярэджваем, каб не рвалі кветкі, даём аб'яву ў электрычцы. Кожны інспектар мае права скласці акт, і супраць несумленнага чалавека будуць ужыты санкцыі — адміністрацыйнае спагнанне або штраф. За знішчэнне адной знікаючай расліны або продаж яе — штраф: 30—40 рублёў.
Не хачу спрачацца з аўтарытэтным спецыялістам, але ўсё ж дазволю сабе ўсумніцца ў дзейснасці такіх мер, бо чарамшой адкрыта гандлююць на Камароўскім рынку, а кадзіла сармацкае — «лясны бальзам» па-народнаму — вывозяць у час яго цвіцення з Ружанскай пушчы мяхамі, з лекавай расліны несумленныя людзі робяць бізнес. Каб узняць цану свайго тавару, яны абавязкова паведамляюць, што тыя ці іншыя засушаныя імі расліны занесены ў Чырвоную кнігу. Значыць, надзвычай «лекавыя», памагаюць пры ўсіх болях. А што наконт аб'яў у электрычках — ніводнага разу іх не чула. Розныя ведамствы парушаюць закон. Сваю дзейнасць, якая ўплывае на прыроду, з Дзяржкамітэтам не ўзгадняюць.
I ўсё ж знайшоўся чалавек, які пахіснуў мой упарты скептыцызм. Я надзвычай узрадавалася, калі адшукала доктара біялагічных навук, старшыню секцыі Рэспубліканскага савета Беларускага таварыства аховы прыроды Наталлю Вітальеўну Казлоўскую, адну з аўтараў Чырвонай кнігі БССР.
— Зрухі да лепшага ёсць,— упэўнена сказала яна.— Нядаўна ваявалі з адным ведамствам, якое вырашыла пабудаваць санаторый паблізу вёскі Тамашоўка, што ў Брэсцкай вобласці. А там навокал — унікальныя зараснікі каралеўскай папараці па два метры ў вышыню. Джунглі! Будаўнікі ўжо і масткі цераз рэчку перакінулі і будпляцоўку расчысцілі. Разам з работнікамі абласной інспекцыі аховы прыроды мы дамагліся-такі, каб не будавалі санаторый на гэтым месцы.
Зараз ваюем за чысціню Калодзішчанскага лесу. Колькі там пакарабачанага жалеззя, абламаных, абадраных сосен! А гэта ж зялёная зона сталіцы Беларусі — Мінска. I дзіва — тут, на гэтай знявечанай зямлі, ліловым полымем цвіце сон-трава!
Наталля Вітальеўна настроена аптымістычна...
Кожнае лета яна з сяброўкамі адпраўляецца ў экспедыцыі, адмахвае за дзень дванаццаць — пятнаццаць кіламетраў па гушчарах, але абавязкова знойдзе ці то астравок лілеі «царскія кучары», ці то «купальнік горны» — даледніковы від, надзвычай каштоўны і для практычнага выкарыстання, і для навукі. Цудоўная дэкаратыўная расліна! Занесена ў Чырвоную кнігу СССР і БССР.
— То тут, то там знаходзім месцы пражывання раслін знікаючай флоры, не ўказаныя ў Чырвонай кнізе. Збіраем насенне, прыцягваем да сваёй работы ўсё новых людзей. Вы пазнаёмцеся з Ірынай Сцяпанаўнай Іванюценка, загадчыцай метадычнага аддзела Мінскай гарадской станцыі юных натуралістаў,— параіла Наталля Вітальеўна.
Было на што падзівіцца! На акуратных градах — розная дзівосная расліннасць. Тут убачыла і «лясны бальзам» — значыць, можа расці ён і ў звычайным садзе. I «астранцыю вялікую» і «валяр'ян двухдомны». Мне нават прапанавалі насенне — «ці не хочаце пасадзіць у сябе?» Сорак пяць дзяўчынак з розных школ Мінска займаюцца добрай справай — размнажэннем знікаючых раслін, маюць свае дзялянкі, а настаўніца-біёлаг 83-й сярэдняй школы Мая Ісакаўна Абалонская разам з мужам, дачкой і вучнямі свайго класа ў вольны час выязджаюць на прыроду, збіраюць насенне, распаўсюджваюць, вырошчваюць. Знайшлі новае месца рэдкай расліны — і дабіліся, каб абгарадзілі яго, стварылі заказнік.
У пошуках захавальнікаў знікаючай флоры я натрапіла на цікавага чалавека з Ваўкавыскага раёна — загадчыка праблемнай лабараторыі доследнай станцыі «Зыгмантава» Валянціна Мікалаевіча Мацвейчыка.
— Вы прыязджайце ў нашы Субачы,— параіў ён,— у нас дзейнічае група такіх энтузіястаў. Яны навучыліся размнажаць «венерын чаравічак». У прыродзе гэтая расліна зацвітае на семнаццаты год, а ў нас — намнога хутчэй... Ці аедаеце вы такую кветку?
Ведаю. Яна расце і ў Батанічным садзе Акадэміі навук, прыхаваная ад сквапнага вока і бессаромных рук. Можна яе ўбачыць і ў садзе, і «на волі». Дзе? «Гэта тайна,— сказаў Іван Васільевіч Лазнуха.— Англічане маюць «венерын чаравічак» толькі ў двух заказніках і трымаюць гэтыя месцы ў сакрэце. Кветка прыгажэнная, занесена не толькі ў Чырвоную кнігу БССР, СССР, але і ў Міжнародную. Як і эдэльвейс».
Іван Васільевіч асцярожна расхінае лісце папараці, напаўголаса гаворыць: «Вось яна, цуд-кветка!». I я пераконваюся: сапраўдны цуд!..
З. МАЛАШЭВІЧ.

Фота А. ЛАБАДЫ.
- Юннат Наташа АКУЛIЧ.
- Загадчыца метадычкага аддзела Мінскай гарадской станцыі юннатаў Ірына Сцяпанаўна ІВАНЮЦЕНКА са сваiми выхаванцамi.


<- предыдущая страница следующая ->


Copyright MyCorp © 2024
Конструктор сайтов - uCoz